Генэральны сакратар NATO папярэдзіў аб паглыбленьні супрацы Расеі і Беларусі з Іранам

Марк Рутэ

Марк Рутэ 9 красавіка заявіў, што пашырэньне супрацы паміж гэтымі дзяржавамі ўмацоўвае іхны вайсковы патэнцыял, а гэта ўжо мае беспасярэднія наступствы для вайны ва Ўкраіне і ўзмацненьня нестабільнасьці на Блізкім Усходзе.

Выступаючы на канфэрэнцыі ў Вашынгтоне, Марк Рутэ зьвярнуў увагу на пашырэньне сеткі каардынацыі паміж Расеяй, Іранам, Беларусьсю, Кітаем і Паўночнай Карэяй, што цалкам мяняе дынаміку бясьпекі ў многіх рэгіёнах:

«Безумоўна, яны супрацоўнічаюць. Я маю на ўвазе, што Паўночная Карэя, Кітай, Іран, Беларусь і Расея працуюць разам, калі ідзецца пра ход вайны супраць Украіны».

Марк Рутэ канкрэтызаваў абмен паміж Масквой і Тэгеранам: Іран пастаўляе Расеі перадавыя бесьпілётнікі і ваенныя тэхналёгіі, якія тая выкарыстоўвае супраць Украіны, у той час як Расея забясьпечвае Іран фінансавымі рэсурсамі.

«Гэта тэхналёгіі для Расеі і грошы ад Расеі для Ірану», — сказаў Рутэ. «І гэтыя грошы трацяцца на тое, каб Іран ствараў поўны хаос».

Рутэ абвінаваціў Іран у тым, што ён дзейнічае як асноўная дэстабілізацыйная сіла на Блізкім Усходзе, падтрымліваючы групы сваіх марыянэтак у рэгіёне і далей разьвіваючы свой ракетны і ядзерны патэнцыял.

Ён папярэдзіў, што пашырэньне радыюсу дзеяньня ракетных удараў Ірану, які, падобна, дасягне 4000 км, сьведчыць, што Іран блізкі да поўнай апэрацыйнай рэалізацыі гэтай тэхналёгіі.

Рутэ заявіў, што такія распрацоўкі нясуць рызыкі ня толькі для Блізкага Ўсходу, але й для інтарэсаў Захаду, бо іранскія магчымасьці ўсё больш складаныя і далёкасяжнымі.

Генэральны сакратар NATO падкрэсьліў, што намаганьні Злучаных Штатаў стрымаць іранскія праграмы ядзернай зброі і балістычных ракет застаюцца вызначальнымі.

Ягоныя заўвагі прагучалі падчас узмоцненай напружанасьці ў рэгіёне Пэрсыдзкай затокі. Рутэ сказаў, што NATO можа адыграць ролю ў запэўненьні морскай бясьпекі ў стратэгічна важнай Армускай пратоцы — ключавым глябальным маршруце транзыту нафты.

«Калі NATO можа дапамагчы, дык, відавочна, няма прычынаў не дапамагаць», — сказаў ён, падкрэсьліўшы важнасьць захаваньня воднага шляху адкрытым.

Рутэ адзначыў цяперашнюю супрацу паміж групай з 34 краін, ініцыятывай прэм’ер-міністра Вялікай Брытаніі Кіра Стармэра і Злучанымі Штатамі ў справе запэўненьня свабоды суднаходзтва ў рэгіёне.

У той жа час Рутэ падкрэсьліваў патрэбу працягваць трансатлянтычную супрацу, нягледзячы на палітычную напружанасьць. Ён заявіў, што рост эўрапейскіх абаронных выдаткаў, у тым ліку на куплю амэрыканскай зброі, умацаваў вайсковы патэнцыял NATO.

Камэнтары Рутэ прагучалі пасьля крытыкі альянсу прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам, які пагражаў скараціць вайсковыя абавязаньні Злучаных Штатаў перад хаўрусьнікамі ў NATO.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Трамп заявіў, што сур’ёзна разглядае магчымасьць выхаду краіны з NATO


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У NATO назвалі Беларусь у кантэксьце пагрозаў з боку Расеі для бясьпекі краін альянсу