Пра гэта былая палітзьняволеная Марыя Калесьнікава заявіла ў інтэрвію нямецкаму выданьню Taz.
У інтэрвію яна адзначыла, што ў Беларусі ёсьць два шляхі далейшага разьвіцьця.
«Адзін з варыянтаў — Беларусь перастане існаваць як сувэрэнная дзяржава. Другі варыянт — Беларусь захавае свой сувэрэнітэт і зноў зблізіцца з Эўропай», — заявіла Калесьнікава.
Яна ў чарговы раз заклікала Эўразьвяз узяць прыклад з адміністрацыі прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа і пайсьці па шляху збліжэньня з афіцыйным Менскам, аднавіць дыпляматычныя каналы сувязі. На думку Калесьнікавай Эўразьвяз быў бы для Лукашэнкі «больш натуральным партнэрам», чым Вашынгтон.
Яна дадала, што такі крок не надасьць Лукашэнку легітымнасьці, але падкрэсьліла, што лічыць Лукашэнку адзіным чалавекам, які «вырашае, як жывуць беларусы ў Беларусі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Бэрлін адказаў крытыкам званка Мэркель Лукашэнку«Калі вы хочаце ўплываць, вам трэба ўсталяваць зь ім кантакт. Апошнім канцлерам Нямеччыны, які размаўляў з Лукашэнкам, была Ангела Мэркель. Магчыма, неабходная новая спроба», — заявіла Калесьнікава.
Тэлефонныя размовы Лукашэнкі і Мэркэль адбыліся ў лістападзе 2021 году, у разгар міграцыйнага крызісу.
«Канцлер і спадар Лукашэнка гаварылі аб складанай сытуацыі на мяжы паміж Беларусьсю і ЭЗ, асабліва аб неабходнасьці аказаньня гуманітарнай дапамогі ўцекачам і мігрантам, якія знаходзяцца там», — гаварылася ў паведамленьні, якое было апублікавана па выніках гутаркі 15 лістапада на сайце канцлера Нямеччыны.
У інтэрвію Taz Калесьнікава сказала: «Мы бачым, як губляецца сувэрэнітэт. І зараз гэты момант вельмі востра стаіць, ёсьць магчымасьць на гэта паўплываць. У эўрапейскіх чыноўнікаў для гэтага магчымасьцяў больш, чым у каго б там ні было. Бо калі Беларусь канчаткова павернецца ў бок Пуціна, хаця зараз пра гэта ўжо можна казаць, тады мы страцім сувэрэнітэт. Эканамічна мы ўжо практычна цалкам залежныя. Але ў Беларусі вельмі шмат людзей, якія па сваім мэнталітэце — эўрапейцы, і пра іх трэба думаць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Выпаленае поле» ці «прастора для дыханьня»? Дыскусія Бяляцкага і Калесьнікавай у Chatham HouseЯна таксама выказвала меркаваньне, што Лукашэнка «ня хоча быць часткай Расеі, інакш ён бы даўно быў ёю».
«Мы разумеем, што эканамічна вельмі залежныя, але ўсё роўна пакуль ён вядзе палітыку так: абдымаецца ўмоўна з Трампам, а потым прадае свае трактары Расеі. Ён не хоча быць часткай Расеі, ня хоча цалкам залежыць ад Пуціна. Гэта кропка, ад якой адштурхваецца Амэрыка ў сваіх перамовах, і кропка, ад якой можа адштурхоўвацца ЭЗ у сваіх перамовах. Эўразьвяз таксама зацікаўлены ў тым, каб Беларусь не была часткай Расеі. І ў такіх менавіта момантах, у такіх кропках і ўзьнікаюць магчымасьці для дыпляматычных ініцыятываў ці стасункаў» — заявіла былая палітзьняволеная.