Найбуйнейшы чат сваякоў вязьняў прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем»

СІЗА ў Калядзічах, архіўнае фота

Нядаўна суды ў Беларусі двойчы ўнесьлі яго ў сьпіс «экстрэмісцкіх» матэрыялаў.

6 красавіка КДБ аб’евіў Telegram-чат «СИЗО № 1 Колядичи» «экстрэмісцкім фармаваньнем». Гэта самы буйны чат сваякоў вязьняў, дзе людзі дзяліліся парадамі, якія дапамагаюць людзям арыентавацца пасьля затрыманьня блізкага, піша «Вясна».

Праваабаронца «Вясны» Яна Галяган называе чат «бяскрыўдным» і кажа, што ён быў важнай крыніцай інфармацыі для сваякоў як палітычных, так і звычайных зьняволеных. Сваякі палітвязьняў, зь якіх шмат хто за мяжой, абмяркоўвалі ў суполцы чэргі, перадачы для арыштаваных і пытаньні, зьвязаныя зь СІЗА.

«Гэта чарговая спроба схаваць рэальную карціну рэпрэсій. Прызнаньне чату, створанага сваякамі вязьняў для абмену важнай інфармацыяй, сьведчыць пра жаданьне рэжыму Лукашэнкі ў чарговы раз паспрабаваць зруйнаваць салідарнасьць унутры Беларусі. Гэты бяскрыўдны чат за апошнія два гады павялічыўся з 500 да 1800 удзельнікаў. У чаце абменьваліся інфармацыяй сваякі ня толькі асуджаных паводле палітычных справаў, але і паводле звычайных. Чат быў вялікай падтрымкай для сваякоў, якія жывуць ня ў Менску, а тым больш у іншай краіне, і ня могуць апэратыўна па любых пытаньнях падысьці да акенца СІЗА. Пасьля затрыманьня чалавека сваякі знаходзяцца ў прыгнечаным і разгубленым стане, таму іншыя людзі ў чаце тлумачылі ім дзеяньні крок за крокам», — зазначыла Яна Галяган.

І за гэта звычайныя людзі трапілі пад пагрозу перасьледу.

«Цяпер, калі праваабарончыя арганізацыі фактычна выціснутыя з краіны, людзям небясьпечна нават ствараць чаты для дапамогі адзін аднаму, а таксама небясьпечна зьвяртацца па парады і шукаць салідарнасьці», — кажа праваабаронца «Вясны»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Беларускі Хэльсынскі камітэт прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем»