BelPol: прадпрыемства холдынгу БелАЗ выкарыстоўвае працу зьняволеных

Калёнія ў Бабруйску. Архіўнае фота

BelPol атрымаў дакумэнт, які можа сьведчыць, што зьняволеных выкарыстоўваюць як танную працоўную сілу.

Як паведамляе аб’яднаньне BelPol, якое праводзіць незалежнымі расьсьледваньні, да іх патрапіў дакумэнт на імя генэральнага дырэктара папраўчай калёніі нумар 2 горада Бабруйска Дзяніса Ішчэйкіна.

У ім намесьнік дырэктара па камэрцыйных пытаньнях «Магілёўскага вагонабудаўнічага заводу», які ўваходзіць у структуру холдынга БелАЗ, Сяргей Бялясаў просіць Ішчэйкіна «ў мэтах своечасовага выкананьня пляну па вытворчасьці грузавых вагонаў» выканаць заяўкі на пастаўку камплектуючых, тэрмін выкананьня якіх папраўчая калёнія зрывае.

«Гэта азначае адно: людзей у калёніях, у тым ліку палітвязьняў, выкарыстоўваюць як танную і бяспраўную працоўную сілу для выкананьня плянаў прадпрыемстваў», — заявілі ў BelPol.

БелАЗ, нагадваюць расьсьледвальнікі, зьяўляецца «адным з „гаманцоў“ Лукашэнкі» і «выконвае дзяржаўную абаронную замову», займаючыся гальванаапрацоўкай кольцаў для 122 мм рэактыўных снарадаў для РСЗА «Град».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

BelPol апублікаваў сьпіс 120 беларускіх прадпрыемстваў, якія спрыяюць Расеі ў вайне супраць Украіны