Новым кіраўніком Міністэрства культуры Беларусі стаў вядомы прапагандыст і былы кіраўнік тэлеканалу АНТ Марат Маркаў. Прызначаючы Маркава на пасаду, Лукашэнка нагадаў пра гаротны стан беларускага кіно, якое, паводле яго, занядбалі, піша БелТА.
Паводле Лукашэнкі, Марат Маркаў сам папрасіўся на пасаду міністра культуры.
Да гэтага Маркаў працаваў міністрам інфармацыі. Пры ім гэтае ведамства ўзмацніла ціск на незалежных творцаў і ўнесла вялікую колькасьць інфармацыйных рэсурсаў у сьпіс «экстрэмісцкіх».
Марат Маркаў з 2017 году займаў пасаду гендырэктара дзяржаўнага тэлеканала АНТ. Былыя калегі апісваюць яго як «жорсткага і помсьлівага чалавека нарцысічнага характару». Таксама раней Маркаў працаваў у адміністрацыі Лукашэнкі. Маркаў вядомы сваімі відэагутаркамі з палітвязьнямі ў праграме «Нічога асабістага».
Без пасады застаўся Руслан Чарнецкі. Пры ім новым мастацкім кіраўніком Купалаўскага тэатру стаў Дзьмітрый Акімаў з Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Нарцысізм і дыктат». Што вядома пра Марата Маркава, які бярэ «пакаяльныя інтэрвію» ў затрыманыхНа месца Маркава міністрам інфармацыі Лукашэнка прызначыў Дзьмітрыя Жука. Той таксама зь дзяржаўных прапагандыстаў. Да нядаўняга часу Жук узначальваў выдавецкі дом «Беларусь сегодня», быў там дырэктарам — галоўным рэдактарам.
Жука Лукашэнка назваў чалавекам, які «разумее, што рабіць», а таксама «ідэалягічна граматным».
Новы міністар інфармацыі ўжо адказаў, ці будуць у Беларусі блякаваць YouTube.
«Любое рашэньне, асабліва такога пляну, як забарона, павінна быць выразна прадумана. Павінны быць прадуманы яго наступствы. Яно павінна быць мэтазгодным і эфэктыўным. Калі мы дэкляруем, але ня можам рэалізаваць, то лепш наагул не дэкляраваць, — кажа Жук. — Што тычыцца плятформаў, якія выкарыстоўваюцца грамадзянамі Беларусі, дзейнічаць трэба вельмі акуратна».
Паводле яго слоў, Лукашэнка — «не прыхільнік забаронаў».
«Трэба шукаць іншыя мэханізмы ўзаемаадносін з гэтымі буйнымі гульцамі сусьветнай мэдыяпрасторы», — мяркуе новы міністар.
Жук рэгулярна ўдзельнічае ў перадачы «Клюб рэдактараў» на дзяржаўным Першым канале. Таксама ён уваходзіць у Савет рэспублікі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Сын «апазыцыйнага» пісьменьніка і «салдат гібрыднай вайны». Расказваем пра новага міністра інфармацыі Дзьмітрыя ЖукаУ праграме Жук неаднаразова хваліў Лукашэнку. У прыватнасьці спрабаваў «давесьці», што той насамрэч перамог на выбарах у 2020 годзе.
«Прэзыдэнт накіроўвае найвышэйшых службовых асобаў сілавога блёку Беларусі да людзей, расказваць пра рэальныя небясьпекі і пагрозы. І пры гэтым увогуле не баіцца, што абураныя гэтым людзі выйдуць на нейкія палітычныя мітынгі ці яшчэ нешта. А чаму? Бо гэта элемэнт даверу. І гэты элемэнт даверу падкрэсьлівае тое, што рэальнасьць выбараў 2020 году ў тым, што большасьць грамадзтва падтрымала», — казаў Дзьмітры Жук у перадачы «Клюб рэдактараў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Выйшаў новы агляд парушэньняў моўных правоў беларусаў: 34 факты і парушэньні за другую палову 2025 годуПрызначаны таксама новы віцэ-прэм’ер у пытаньнях жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, будаўніцтва і транспарту. Ім стаў Аляксандар Церахаў. Да гэтага ён быў генэральным дырэктарам «Менскбуду». А яшчэ да таго Церахаў шмат гадоў узначальваў Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі.
Генэральным дырэктарам «Беларускага тэлеграфнага агенцтва» (БелТА) Лукашэнка прызначыў Андрэя Мохара. Да гэтага часу Мохар займаў пасаду дырэктара інфармацыйнага вяшчаньня ЗАТ «Другі нацыянальны тэлеканал».
Прызначыў Лукашэнка і пасла ў Манголіі. Ім стаў Міхаіл Орда, які да 2024 году 10 гадоў нязьменна ўзначальваў праўладную Фэдэрацыю прафсаюзаў Беларусі (ФПБ). У 2024 годзе ён зноў стаў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў.