Беларуская дэлегацыя на чале зь Сергяенкам прыбыла ў М’янму на інаўгурацыю кіраўніка вайсковай хунты

Ігар Сергяенка пасьля прызямленьня ў Найп’іда

Вайсковая хунта ўжо некалькі гадоў трымае ўладу ў краіне пасьля сілавога зрынаньня дэмакратычна абранага кіраўніцтва краіны.

Старшыня Палаты прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь Ігар Сергяенка на даручэньне Аляксандра Лукашэнкі прыбыў у М’янму для ўдзелу ў цырымоніі інаўгурацыі Мін Аўнг Глайнга. Кіраўнік мясцовай хунты, паводле дзяржаўных СМІ М’янмы, перамог на выбарах прэзыдэнта краіны, якія адбыліся 3 красавіка.

Беларуская дэлегацыя прыбыла ў горад Найп’іда. У аэрапорце яе сустрэў намесьнік міністра замежных справаў М’янмы Ку Ку Чо. Яны ўжо абмеркавалі праграму візыту.

У час візыту Сергяенка плянуе сустрэцца зь Мін Аўнг Глайнгам, старшынём Палаты прадстаўнікоў Асамблеі М’янманскага Зьвязу Кін І, іншымі афіцыйнымі асобамі, паведаміла прэс-служба Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі.

У склад беларускай дэлегацыі таксама ўвайшла старшыня канцэрну «Беллегпрам» Надзея Лазарэвіч.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Іран і Беларусь не адзіныя. У якіх краінах пры масавых пратэстах адключалі інтэрнэт

У выніку перавароту ў Мʼянме 1 лютага 2021 году ўладу ў краіне захапілі вайскоўцы. Яны ўзялі пад варту Аўнг Сан Су Чы — кіраўніцу «Нацыянальнай лігі за дэмакратыю», якая перамагла на парлямэнцкіх выбарах у лістападзе 2020 году. Вайскоўцы абвінавацілі яе партыю ў маштабных фальсыфікацыях. Яны распусьцілі ранейшы склад выбарчай камісіі.

У краіне пасьля перавароту пачаліся маштабныя акцыі супраць вайскоўцаў. На пратэстах у першыя тыдні загінулі больш за 400 чалавек. Затым у краіне фактычна разгарнулася партызанская вайна супраць новых уладаў. Апошнім часам паведамленьняў пра новыя ўспашкі амаль не паступае, што можа сьведчыць пра тое, што вайсковай хунце ўдалося ўзяць пад кантроль усе асноўныя ўчасткі ў дзяржаве.

Мін Аўнг Глайнг ачоліў вайсковы ўрад М’янмы ў жніўні 2021 году. Да гэтага ён камандаваў Узброенымі сіламі краіны. Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэр на ягоны арышт — яго абвінавачваюць у злачынствах супраць мусульманскай меншасьці краіны, народу рагінг’я.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лукашэнка і М’янма: захапленьне хунтай як люстэрка беларускай улады

Папярэднія сустрэчы на ўзроўні Беларусь — М’янма

7 сакавіка 2025 году Аляксандар Лукашэнка правёў сустрэчу з кіраўніком вайсковага ўраду М’янмы Мін Аўнг Глайнгам, які прыяжджаў у Менск адразу пасьля перамоў у Маскве з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным.

У канцы таго ж месяца беларуская дэлегацыя наведала М’янму ўжо зь візытам у адказ. Але ў складзе дэлегацыі не было Лукашэнкі — беларускую дэлегацыю ачоліў міністар абароны Віктар Хрэнін. Афіцыйна ён прыехаў у Азію для ўдзелу ў вайсковым парадзе, «прымеркаваным да 80-й гадавіны стварэньня Ўзброеных сіл М’янмы». Міністар абароны М’янмы Маўнг Маўнг Эй прысутнічаў з Хрэніным на парадзе, а Мін Аўнг Глайнгу міністар зь Беларусі падарыў кнігу пра Лукашэнку.

Па перамовах зь міністрам абароны М’янмы бакі падпісалі пратакол аб умацаваньні вайсковай супрацы.

Былі ў візыту Хрэніна й іншыя абставіны — у тыя дні ў другім па велічыні горадзе М’янмы — Мандалай — у выніку моцнага землятрусу абрынуліся некалькі будынкаў. Землятрус таксама закрануў і сталіцу Тайлянду Бангкок.

На сустрэчы зь Мін Аўнг Глайнгам Хрэнін тады заявіў, што супраца Беларусі і М’янмы патрабуе «маштабнай перазагрузкі ўзаемадзеяньня». Тады ж праз Хрэніна м’янманскі ўрад запрасіў наведаць краіну зь візытам самога Лукашэнку, і ўжо ў лістападзе паездка адбылася.

Прадстаўнікі м’янманскай хунты таксама прыяжджалі ў Менск, каб «вывучыць беларускую выбарчую сыстэму». Пазьней у дзяржаве зарганізавалі парлямэнцкія і прэзыдэнцкія выбары, нра якіх хунта ўмацавала свае пазыцыі.

Найп'іда, куды прылятаў Хрэнін і куды цяпер прыбыў Сяргеенка, месьціцца якраз у правінцыі Мандалай. Гэта новая сталіца краіны. Да 2007 году сталіцай быў Янгон, але затым улады М’янмы перанесьлі галоўны горад зь берагавой часткі на Андаманскім моры ў цэнтар дзяржавы. Адмыслоўцы тады гаварылі пра тое, што такую сталіцу можна будзе лягчэй кантраляваць і абараняць у выпадку замежнай інтэрвэнцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У М’янме, дзе зь візытам знаходзіцца дэлегацыя Мінабароны Беларусі, адбыўся землятрус