Столінскі райвыканкам у сакавіку заключыў дамову на набыцьцё 408 бронекамізэлек па амаль 1,5 тысячы рублёў кожная. Тэрмін пастаўкі — да канца кастрычніка. Грошы на гэта ўзялі з раённага бюджэту, піша «Люстэрка».
Камізэлькі павінны абараняць ад стрэлаў пісталета, удараў нажа і аскепкаў, а таксама мець узмоцненыя ўстаўкі сьпераду і ззаду ад больш сур’ёзнай зброі (напрыклад, стрэлу аўтамата).
Глыбоцкі райвыканкам у красавіку разьмясьціў заяўку на 485 бронекамізэлек. Бярозаўскі — на 800. Ёсьць падобныя запыты і ад іншых органаў улады.
Такія закупкі былі і раней, але, мяркуючы па сайце дзяржзакупак, не такія масавыя. Напрыклад, у 2024 годзе Пінскі гарвыканкам купіў 240 бронекамізэлек па больш як 1,3 тысячы рублёў кожная. А Івацэвіцкі ў 2025-м набыў 36 штук па 2 тысячы кожная.