YouTube выдаліў новы канал дзяржаўнай тэлевізіі СТВ

Скрыншот выдаленага сёньня YouTube-каналу СТВ

8 красавіка плятформа YouTube выдаліла новы канал СТВ, які стаў актыўна папаўняцца пасьля выдаленьня старога.

СТВ заяўляе, што новы канал CTVPLUS быў выдалены ў сувязі з санкцыямі, і падкрэсьлівае, што ні канал, ні яго кіраўніцтва пад санкцыямі не знаходзяцца.

3 красавіка YouTube выдаліў каналы дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА, а таксама тэлеканалаў АНТ і СТВ. Белтэлерадыёкампанія ў адказ прыгразіла прызнаць пляцоўку «экстрэмісцкай».

«Сёньня відэахостынг YouTube амэрыканскай кампаніі Google выдаліў беларускія каналы БЕЛТА, СТВ і АНТ. Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь нэгатыўна ацэньвае гэты недружалюбны і беспадстаўны крок і пакідае за сабой права на прыняцьцё неабходных мераў рэагаваньня», — заявілі ў Мінінфарме.

«YouTube, здаецца, зрабіў апошнія крокі да прызнаньня экстрэмісцкай пляцоўкай і поўнай блякіроўкі ў Беларусі. Амаль усе асноўныя дзяржаўныя YouTube-каналы Беларусі (БЕЛТА, АНТ, СТВ) выдаленыя зь YouTube!» — заявілі ў Белдзяржтэлерадыёкампаніі.

Дзяржаўнае інфармагенцтва БЕЛТА паведаміла, што каналы былі выдаленыя 3 красавіка «адміністрацыяй відэахостынгу» з прычыны санкцый. Пры гэтым дадала, што БЕЛТА не знаходзіцца пад санкцыямі.

«YouTube-канал CTVBY быў выдалены праз санкцыі! Пры гэтым ЗАТ „Сталічнае тэлебачаньне“ і кіраўніцтва кампаніі не знаходзяцца пад санкцыямі! Хвалёная „дэмакратыя“ ў дзеяньні», — заявілі ў СТВ.

На тэлеканале АНТ адзначылі, што не атрымлівалі ніякіх апавяшчэньняў.

Адзін з найбуйных прапагандысцкіх тэлеграм-каналаў у адказ на выдаленьне каналаў дзяржСМІ заклікаў задумацца аб працы відэахостынгу ў Беларусі краіне.

Блякаваньне з боку YouTube каналаў беларускіх СМІ «можна і трэба назваць падступнай інфармацыйнай дывэрсіяй, актам агрэсіўнай палітычнай цэнзуры» — заявіла сёньня афіцыйная прадстаўніца МЗС Расеі Марыя Захарава.

«Гэтае барбарства XXI стагодзьдзя, якое спрабуюць апраўдаць рознымі падставамі, напрыклад, барацьбой з нпраўдзівым кантэнтам. А чаму зь сябе не пачнуць?» — сказала Захарава.


  • Пра палітычную цэнзуру кажуць прапагандысты рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, які пасьля агульнанацыянальных пратэстаў супраць сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі 2020 году цалкам зьнішчыў свабоду слова і выказваньняў у краіне. Усе незалежныя грамадзка-палітычныя мэдыя былі абвешчаныя «экстрэмісцкімі» і выціснутыя за мяжу. Незалежная журналістыка і яе спажываньне былі крыміналізаваныя. Дзясяткі беларускіх журналістаў і блогераў, сотні тых, хто спажываў кантэнт незалежных мэдыя, сталі палітычнымі вязьнямі, правялі гады за кратамі. Пасьля поўнамаштабнай вайсковай агрэсіі Расеі супраць Украіны ў лютым 2022 году прапагандысцкія афіцыйныя СМІ Беларусі пашыраюць расейскія наратывы, апраўдваюць злачынствы супраць чалавечнасьці. Бюджэтнае фінансаваньне на дзясяткі мільёнаў даляраў штогод яны маюць за кошт беларускіх падаткаплатнікаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Што страцілі дзяржаўныя СМІ праз выдаленьне сваіх YouTube-каналаў і колькі беларускіх падпісчыкаў яны мелі

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

YouTube выдаліў каналы БелТА, СТБ і АНТ. Чаму, ці назаўсёды і хто пацярпіць? Разьбіраемся з мэдыяэкспэртам