Тэгеран і Вашынгтон дасягнулі часовага замірэньня ў перамовах пры пасярэдніцтве Пакістану. Раней Ісламабад прасіў дадатковага часу для арганізацыі мірных перамоваў паміж бакамі.
Інфармацыйнае агенцтва «Тасьнім», блізкае да Корпусу вартавых Ісламскай рэвалюцыі (КВІР), пацьвердзіла, што два бакі падпісалі замірэньне «з канкрэтнымі ўмовамі».
Трамп у сваёй сацыяльнай сетцы паведаміў, што іранцы папрасілі яго стрымаць «разбуральную сілу, якая будзе адпраўлена сёньня ўвечары ў Іран, і пры ўмове, што Ісламская Рэспубліка Іран пагодзіцца на поўнае, неадкладнае і бясьпечнае адкрыцьцё Армускай пратокі».
Трамп дадаў, што пагадзіўся прыпыніць бамбаваньні й іншыя атакі на Іран на два тыдні.
Ён не паведаміў дэталяў іранскай прапановы, але дадаў, што пагадненьне залежыць ад таго, ці дазволіць Тэгеран свабодны праход вадаплаваў у пратоцы, якая служыць ключавым маршрутам для нафты і газу. Гэтым водным шляхам праходзіць каля 20% нафты і газу, здабытых у сьвеце.
Аналітыкі адзначалі гэтую ўмову як ключ да пагадненьня, дадаўшы, што стабільнасьць замірэньня залежыць ад Тэгерану.
«Цяпер уся ўвага скіраваная на Іран, бо прэзыдэнт выставіў адкрыцьцё Іранам пратокі як умову спыненьня агню», — заявіў у інтэрвію Радыё Свабода Алекс Пліцас, старшы супрацоўнік Атлянтычнай рады і былы супрацоўнік Пэнтагону.
Ізраіль падтрымлівае рашэньне прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа спыніць удары па Іране на два тыдні, — гаворыцца ў заяве офісу прэм’ер-міністра Біньяміна Нэтаньягу. Але, як адзначаецца, «двухтыднёвае спыненьне агню не распаўсюджваецца на Лібан». Там Ізраіль вядзе баявыя дзеяньні супраць групоўкі Хезбала.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Трамп прыгразіў, што іранская цывілізацыя «памрэ сёньня ўвечары»Міністар замежных справаў Ірану Абас Аракчы пацьвердзіў у паведамленьні ў сетцы X, што калі напады на Іран будуць спыненыя, то і ўзброеныя сілы Ірану «спыняць» свае ўдары ў адказ па цэлях на ўсім Блізкім Усходзе.
«Цягам двух тыдняў бясьпечны праход праз Армускую пратоку будзе магчымы дзякуючы каардынацыі з Узброенымі сіламі Ірану і з належным улікам тэхнічных абмежаваньняў».
Падпісаньне часовага замірэньня адбылося ўсяго празь некалькі гадзін пасьля таго, як амэрыканскія і ізраільскія авіяўдары пашкодзілі некаторыя аб’екты па ўсім Іране, у тым ліку інфраструктуру на стратэгічна важным востраве Харг.
Высокапастаўленыя чыноўнікі адміністрацыі Трампа назвалі пагадненьне «перамогай», а Джэйсан Бродзкі, дырэктар у палітыцы арганізацыі United Against Nuclear Iran, ахарактарызаваў пагадненьне як «тактычную паўзу — затрымку» з боку Злучаных Штатаў, каб паглядзець, ці будзе Іран прытрымлівацца пагадненьня.
«Я думаю, прэзыдэнт Трамп захоўвае магчымасьць эскаляцыі. Пляны нападу падрыхтаваныя. Гэтая рэальная ваенная пагроза застаецца», — сказаў ён Свабодзе, дадаўшы, што абедзьве краіны застаюцца ў стане нанесьці ўдар.
Сэнатар ад Дэмакратычнай партыі Джын Шагін, высокапастаўленая сяброўка Камітэту міжнародных адносінаў Сэнату ЗША, заявіла, што вітае часовае спыненьне агню, каб прыпыніць баявыя дзеяньні з Іранам, хоць застаецца занепакоенасьць тым, што ўжо спрычыніла вайна. Яна мела на ўвазе рэзкае павышэньне цэнаў на газ, хістаньні ва ўсясьветнай эканоміцы і гібель 13 амэрыканскіх вайскоўцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Расея і Кітай сарвалі прыняцьце рэзалюцыі аб Армускай пратоцыВайсковая апэрацыя ЗША і Ізраілю супраць Ірану
28 лютага Дональд Трамп аб’явіў аб пачатку супольнай з Ізраілем маштабнай ваеннай апэрацыі супраць рэжыму ў Іране. Патрэбу ў апэрацыі зьвязалі з правалам перамоваў аб іранскай ядзернай праграме.
Аятала Алі Хамэнэі й іншыя прадстаўнікі найвышэйшага іранскага кіраўніцтва былі забітыя. Прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян назваў забойства Хамэнэі страшным злачынствам і паабяцаў адпомсьціць. Іран пачаў апэрацыю ў адказ і нанёс удары па амэрыканскіх аб’ектах на Блізкім Усходзе.
Масква наўпрост асудзіла агрэсію Ізраілю і ЗША супраць Ірану. Улады Беларусі адрэагавалі стрымана. Лукашэнка ў першыя два дні пасьля гібелі Хамэнэі не сказаў ані слова, а МЗС Беларусі 28 лютага двойчы выступіў з заявамі. У адной прагучала заклапочанасьць абвастрэньнем канфлікту вакол Ірану. У другой заяве атака на Іран асуджаецца, але Ізраіль і ЗША не названыя, акцэнт робіцца на гуманітарным аспэкце.
Беларуская дзяржаўная авіякампанія «Белавія» празь небясьпеку ўзаемных абстрэлаў на Блізкім Усходзе скасавала шэраг рэйсаў і 2 сакавіка накіравала эвакуацыйны самалёт зь Менску ў Доху, каб забраць беларускіх турыстаў, што апынуліся ў Катары, які таксама абстрэльваў Іран.
Паводле іранскага таварыства Чырвонага Паўмесяца, у Іране загінулі больш за 200 чалавек, параненыя больш за 700. Паводле іранскага інфармацыйнага агенцтва IRNA, 118 чалавек сярод загінулых — школьнікі.
Афіцыйныя асобы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў заявілі пра трох загінулых і 58 параненых у краіне з пачатку іранскіх атак на рэгіён Пэрсыдзкай затокі, якія сталі адказам на ваенныя апэрацыі ЗША і Ізраілю.
У выніку іранскага ракетнага ўдару па горадзе Бэйт-Шэмэш у Ізраілі, што за 40 км ад Ерусаліму, як мінімум 9 чалавек загінулі і 28 атрымалі раненьні. З пачатку новага абвастрэньня па тэрыторыі Ізраілю рэгулярна б’юць ракетамі.
2 сакавіка да баявых дзеяньняў у рэгіёне далучылася праіранская ісламісцкая групоўка «Хэзбала», якая пачала з тэрыторыі Лібану абстрэльваць Ізраіль.
У наступныя дні іранскія войскі працягвалі наносіць удары па Саудаўскай Арабіі, Бахрэйне, ААЭ, Кувэйце за іх супрацу з амэрыканцамі па разьмешчаных там амэрыканскіх актывах, а таксама па гатэлях і іншых аб’ектах. ЗША і Ізраіль працягнулі ўдары па вайсковых аб’ектах Ірану.
8 сакавіка іранская Асамблея экспэртаў абрала Муджтабу Хамэнэі новым кіраўніком краіны. Гэта 56-гадовы сын забітага паветранай атакай Алі Хамэнэі. Жонка Муджтабы Хамэнэі, Захра Хадад Адэль, таксама загінула падчас таго ж амэрыканска-ізраільскага ўдару, у якім быў забіты яе цесьць — найвышэйшы кіраўнік (рахбар) Ірану.