Расея і Кітай сарвалі прыняцьце рэзалюцыі па Армускай пратоцы

Пасяджэньне Рады Бясьпекі, Нью-Ёрк, 7 красавіка

Расея і Кітай у аўторак наклалі вета на праект рэзалюцыі Рады Бясьпекі ААН, скіраванай на абарону камэрцыйнага суднаходзтва ў Армускай пратоцы на фоне вайны на Блізкім Усходзе.

Адзінаццаць краін прагаласавалі «за» праект дакумэнта, прапанаваны Бахрэйнам. Яшчэ два сябры Рады Бясьпекі (Пакістан і Калюмбія) устрымаліся.

Згодна з праектам, пацярпелым дзяржавам прапаноўвалася каардынаваць свае абарончыя захады для гарантаваньня бясьпекі на моры, а Ірану — спыніць напады на гандлёвыя судны ў Армускай пратоцы.

Да вынясеньня на галасаваньне праект рэзалюцыі зазнаў шэраг зьменаў. У больш раньняй вэрсіі дакумэнта наўпрост згадваўся 7-ы разьдзел Статуту ААН, які надзяляе Раду Бясьпекі паўнамоцтвамі прымаць меры — ад санкцыяў да прымяненьня вайсковай сілы, піша Reuters.

Кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў заявіў у мінулую пятніцу, што прыняцьце рэзалюцыі можа прывесьці да зрыву перамоваў па іранскім урэгуляваньні альбо легітымізуе баявыя дзеяньні супраць Ірану.

Міністар замежных справаў Бахрэйна Абдэль Латыф Аз-Заяні заявіў перад галасаваньнем у Радзе Бясьпекі, што праект ёсьць сур’ёзным адказам на варожыя паводзіны Ірану і што няздольнасьць Рады Бясьпекі адрэагаваць на выкарыстаньне жыцьцёва важнага воднага шляху ў якасьці рычага ціску будзе мець сур’ёзныя наступствы для ўсяго сьвету.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Трамп прыгразіў, што іранская цывілізацыя «памрэ сёньня ўвечары»

Суднаходзтва праз Армускую пратоку — вузкі водны шлях, на які прыпадае пятая частка сусьветнага экспарту нафты і газу — фактычна спынілася пасьля таго, як Тэгеран прыгразіў атакаваць судны ў адказ на амэрыкана-ізраільскую вайсковую кампанію. Блякада прывяла да рэзкага росту цэнаў на паліва ва ўсім сьвеце і вымусіла некаторыя краіны, перш за ўсё ў Азіі, увесьці абмежаваньні на спажываньне і нармаваць пастаўкі, адзначае DPA.

Ізраіль і ЗША наносяць удары па Ірану з 28 лютага. Галоўнай мэтай апэрацыі прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп назваў недапушчэньне зьяўленьня ядзернай зброі ў Ірану.

Іран у адказ б’е па амэрыканскіх базах і інфраструктуры саюзьнікаў Вашынгтона ў краінах Пэрсыдзкай затокі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Вайна з Іранам: МВФ чакае росту цэнаў і запаволеньня сусьветнай эканомікі