Лукашэнка прызнаў правалы ў працы Беларускай нацыянальнай біятэхналягічнай карпарацыі

Аляксандар Лукашэнка і Данііл Урыцкі, 2022 год

Праект біятэхналягічнай карпарацыі, «аналягаў якому няма», так і не запрацаваў з поўнай магутнасьцю.

Лукашэнка сабраў нараду ў пытаньнях Беларускай нацыянальнай біятэхналягічнай карпарацыі, якую сам жа адкрыў з вялікай помпай у лістападзе 2022 году.

Арганізацыя ў Пухавіцкім раёне вытворчасьці кармавых дабавак, вітамінаў і прэміксаў, якія былі неабходныя беларускай сельскай гаспадарцы, а таксама камбікармоў, падавалася як вялікая падзея з удзелам кітайскіх інвэстыцый, якіх прыцягнулі на 600 млн. даляраў. Генэральным падрадчыкам аб’екта выступала кітайская кампанія СІТІC.

«Наша краіна і яе народ атрымалі цудоўны падарунак, які мы зрабілі сваімі рукамі, сваім розумам. У рэспубліцы створаная Беларуская нацыянальная біятэхналягічная карпарацыя, аналягаў якой няма ні ў Эўропе, ні на постсавецкай прасторы», — казаў у 2022-м Лукашэнка.

Ён параўнаў будаўніцтва БНБК з будаўніцтвам АЭС і запускам спадарожніка ў космас. Падавалася, што прадукцыя БНБК не толькі запатрабаваная ўнутры краіны, але і будзе карыстацца попытам за мяжой.

Але сёньняшнія вынікі ня радуюць.

«Мэтавыя паказчыкі вытворчай праграмы Беларускай нацыянальнай біятэхналягічнай карпарацыі (БНБК) не дасягнутыя, захоўваецца востры дэфіцыт абаротных сродкаў. Плянавалася, што прэміяльныя камбікармы, прэміксы, вітаміны, амінакіслоты не толькі вывядуць на новы ўзровень айчынны аграрны комплекс, але і стануць салідным накірункам экспарту, будуць прыносіць краіне валюту», — сказаў 7 красавіка Лукашэнка.

Паводле яго слоў, карпарацыі была аказаная істотная падтрымка з боку дзяржавы:

«Гэта і прэфэрэнцыі па выплаце падаткаў, і гарантыі ўрада па крэдытах, і асаблівы парадак адлюстраваньня курсавых розьніц. У статутны фонд прадпрыемства ўнесьлі бюджэтныя сродкі ў памеры 226 мільёнаў рублёў. Толькі льготных урадавых крэдытаў Кітайскай Народнай Рэспублікі прыцягнулі на 600 млн. даляраў», — сказаў ён.

«З прадстаўленых матэрыялаў вынікае, што вынікаў, на жаль, няма. Хоць зарплату атрымліваеце спраўна — амаль на 16 працэнтаў вышэй за сярэднеабласны ўзровень», — дадаў Лукашэнка.

Да гэтага часу на поўную загрузку магутнасьцей біяхімічнай і камбікормавай вытворчасьцей «так і ня выйшлі», прызнаў ён.

«Ліміт падтрымкі гэтага прадпрыемства за кошт бюджэту даўно вычарпаны», — сказаў Лукашэнка.

ЗАТ «Беларуская нацыянальная біятэхналягічная карпарацыя» створана ў адпаведнасьці з указам Лукашэнкі нумар 300 ад 8 жніўня 2016 года. Прадпрыемства ўзначальвае Данііл Урыцкі — зьбеглы экс-прэм’ер Кыргызстана Даніяр Усенаў, які зьмяніў імя і прозьвішча і атрымаў беларускае грамадзянства, удакладняе Позірк.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лукашэнка прызнаў праблемы ў Беларускай біятэхналягічнай карпарацыі. Гэты бізнэс зьвязаны з Бакіевым

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Люстэрка»: Улады ўзялі пад свой кантроль кампанію, зьвязаную са зьбеглым прэзыдэнтам Кіргізстану Бакіевым

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Урад даў «Беларусбанку» гарантыі па крэдытах Беларускай біятэхналягічнай карпарацыі, зьвязанай зь сям’ёй Бакіева