Пра гэта паведаміла 6 красавіка афіцыйнае іранскае інфармацыйнае агенцтва IRNA.
Сярод умоваў іранскіх уладаў — абавязаньні па аднаўленьні краіны, зьняцьце санкцыяў, прыняцьце пратаколу бясьпечнага праходу Армускай пратокай.
Раней прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп у рэзкай форме заклікаў Іран цягам 48 гадзінаў пагадзіцца на «ўгоду» са ЗША або, ва ўсякім разе, адкрыць Армускую пратоку для суднаходзтва. Пазьней Трамп адклаў тэрмін ультыматуму да 20:00 7 красавіка паводле вашынгтонскага часу (3:00 8 красавіка паводле менскага). У выпадку невыкананьня патрабаваньняў Трамп прыгразіў новымі магутнымі ўдарамі, у тым ліку па электрастанцыях і іншых аб’ектах энэргетыкі Ірану.
«Аўторак [7 красавіка] будзе Днём электрастанцыі і Днём моста, усё адначасова, у Іране. Нічога падобнага ня будзе!!! Адкрыйце я...ую пратоку, шалёныя вырадкі, або будзеце жыць у пекле — ПАБАЧЫЦЕ! Хвала Алаху», — напісаў ён у паведамленьні на сваёй плятформе Truth Social.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Трамп апублікаваў допіс з абразамі ў бок Ірану, патрабуючы адкрыць суднаходзтва ў Армускай пратоцыУ адказ сьпікер парлямэнту Ірану Махамад Багер Калібаф папярэдзіў, што «ўвесь наш рэгіён будзе гарэць».
Трамп таксама даў зразумець, што дыпляматычнае акно застаецца адкрытым.
«Шанцы ёсьць, але калі яны ня пойдуць на ўгоду, я там усё ўзарву», — сказаў ён Axios.
Апэрацыйны плян маштабнага ўдару ЗША і Ізраілю па іранскай энэргетычнай інфраструктуры гатовы да выкананьня, паведамілі выданьню крыніцы, адэрміноўка ж Трампам ультыматуму — гэта спроба даць дыпляматыі апошні шанец.
Axios таксама паведаміў, што Вашынгтон, Тэгеран і рэгіянальныя пасярэднікі абмяркоўваюць умовы патэнцыйнага 45-дзённага спыненьня агню, якое магло б прывесьці і да поўнага заканчэньня вайны.
Асобна Reuters паведаміла, што Пакістан перадаў прапановы наконт неадкладнага спыненьня агню, што адкрыла б Армускую пратоку і прывяло б да шырэйшага ўрэгуляваньня, уключаючы абавязаньні Ірану наконт ягонай ядзернай праграмы ўзамен на зьмяншэньне санкцыяў і размарожваньне актываў.
У панядзелак Трамп паўтарыў, што 7 красавіка — канчатковы тэрмін для Ірану, каб прыняць прапановы ЗША і заключыць мірнае пагадненьне. Ён адзначыў, што апошнія прапановы Ірану былі «сур’ёзнымі», але «недастатковымі».
Тым часам, паводле паведамленьняў іранскіх дзяржаўных СМІ, у выніку авіяўдараў ЗША і Ізраілю пад Тэгеранам 6 красавіка загінулі як найменш 19 чалавек, яшчэ 20 атрымалі раненьні. Агенцтва Tasnim, блізкае да Корпусу вартавых ісламскай рэвалюцыі, паведаміла, што сярод загінулых — шасьцёра дзяцей ва ўзросьце да 10 гадоў. Гэтыя лічбы немагчыма незалежна праверыць.
Ізраільскія СМІ паведамілі 6 красавіка, што Іран выкарыстаў касэтныя боепрыпасы падчас ракетнага нападу на раён Тэль-Авіву. Паводле агенцтва Ynet, зафіксавана каля 20 месцаў трапляньня. Некалькі чалавек атрымалі раненьні, адзін зь іх — сур’ёзныя, пацярпела школа. У Хайфе ад ранейшых атак загінулі чатыры чалавекі.
Паводле паведамленьняў Alex Raufoglu, RFE/RL's Radio Farda, Reuters, dpa, AFP
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Трамп заявіў, што сур’ёзна разглядае магчымасьць выхаду краіны з NATOВайсковая апэрацыя ЗША і Ізраілю супраць Ірану
28 лютага Дональд Трамп аб’явіў аб пачатку супольнай з Ізраілем маштабнай ваеннай апэрацыі супраць рэжыму ў Іране. Патрэбу ў апэрацыі зьвязалі з правалам перамоваў аб іранскай ядзернай праграме.
Аятала Алі Хамэнэі й іншыя прадстаўнікі найвышэйшага іранскага кіраўніцтва былі забітыя. Прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян назваў забойства Хамэнэі страшным злачынствам і паабяцаў адпомсьціць. Іран пачаў апэрацыю ў адказ і нанёс удары па амэрыканскіх аб’ектах на Блізкім Усходзе.
Масква наўпрост асудзіла агрэсію Ізраілю і ЗША супраць Ірану. Улады Беларусі адрэагавалі стрымана. Лукашэнка ў першыя два дні пасьля гібелі Хамэнэі не сказаў ані слова, а МЗС Беларусі 28 лютага двойчы выступіў з заявамі. У адной прагучала заклапочанасьць абвастрэньнем канфлікту вакол Ірану. У другой заяве атака на Іран асуджаецца, але Ізраіль і ЗША не названыя, акцэнт робіцца на гуманітарным аспэкце.
Беларуская дзяржаўная авіякампанія «Белавія» празь небясьпеку ўзаемных абстрэлаў на Блізкім Усходзе скасавала шэраг рэйсаў і 2 сакавіка накіравала эвакуацыйны самалёт зь Менску ў Доху, каб забраць беларускіх турыстаў, што апынуліся ў Катары, які таксама абстрэльваў Іран.
Паводле іранскага таварыства Чырвонага Паўмесяца, у Іране загінулі больш за 200 чалавек, параненыя больш за 700. Паводле іранскага інфармацыйнага агенцтва IRNA, 118 чалавек сярод загінулых — школьнікі.
Афіцыйныя асобы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў заявілі пра трох загінулых і 58 параненых у краіне з пачатку іранскіх атак на рэгіён Пэрсыдзкай затокі, якія сталі адказам на ваенныя апэрацыі ЗША і Ізраілю.
У выніку іранскага ракетнага ўдару па горадзе Бэйт-Шэмэш у Ізраілі, што за 40 км ад Ерусаліму, як мінімум 9 чалавек загінулі і 28 атрымалі раненьні. З пачатку новага абвастрэньня па тэрыторыі Ізраілю рэгулярна б’юць ракетамі.
2 сакавіка да баявых дзеяньняў у рэгіёне далучылася праіранская ісламісцкая групоўка «Хэзбала», якая пачала з тэрыторыі Лібану абстрэльваць Ізраіль.
У наступныя дні іранскія войскі працягвалі наносіць удары па Саудаўскай Арабіі, Бахрэйне, ААЭ, Кувэйце за іх супрацу з амэрыканцамі па разьмешчаных там амэрыканскіх актывах, а таксама па гатэлях і іншых аб’ектах. ЗША і Ізраіль працягнулі ўдары па вайсковых аб’ектах Ірану.
8 сакавіка іранская Асамблея экспэртаў абрала Муджтабу Хамэнэі новым кіраўніком краіны. Гэта 56-гадовы сын забітага паветранай атакай Алі Хамэнэі. Жонка Муджтабы Хамэнэі, Захра Хадад Адэль, таксама загінула падчас таго ж амэрыканска-ізраільскага ўдару, у якім быў забіты яе цесьць — найвышэйшы кіраўнік (рахбар) Ірану.