Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп апублікаваў допіс з абразамі ў бок Ірану, патрабуючы адкрыць суднаходзтва ў Армускай пратоцы

Дональд Трамп
Дональд Трамп

Прэзыдэнт ЗША паўтарыў пагрозу нанесьці моцны ўдар па іранскай інфраструктуры. Але выглядае, што Тэгеран не зьбіраецца разблякоўваць пратоку.

Калі Тэгеран не адкрые Армускай пратокі да 6 красавіка, Дональд Трамп абяцае ўдарыць па інфраструктуры Ірану, паведамляецца на англамоўным сайце Радыё Свабода/Радыё Свабодная Эўропа. Допіс у сацыяльнай сетцы прэзыдэнт Злучаных Штатаў апублікаваў празь некалькі гадзін пасьля таго, як абвясьціў, што амэрыканскія войскі выратавалі другога сябра экіпажу зьбітага зьнішчальніка F-15 у рамках рызыкоўнай місіі.

«Аўторак [7 красавіка] будзе Днём электрастанцыі і Днём моста, усё адначасова, у Іране. Нічога падобнага ня будзе!!! Адкрыйце я...ую пратоку, шалёныя вырадкі, або будзеце жыць у пекле — ПАБАЧЫЦЕ! Хвала Алаху», — напісаў ён у паведамленьні на сваёй плятформе Truth Social.

Раней Трамп заявіў, што сябра экіпажу F-15E, які быў аб’ектам пошукаў з моманту зьбіцьця самалёту 3 красавіка, быў уратаваны ў выніку таго, што ён назваў «цудоўнай» апэрацыяй.

«Мы яго знайшлі», — напісаў Трамп у Truth Social неўзабаве пасьля таго, як стала вядома пра выратаваньне, заявіўшы, што пілёт «атрымаў траўмы, але зь ім усё будзе добра».

Некалькі СМІ паведамілі, што амэрыканскага жаўнера даставілі ў шпіталь у Кувэйце.

У наступным допісе Трамп напісаў, што сябра экіпажу быў «сур’ёзна паранены», назваў яго палкоўнікам і сказаў, што яго выратавалі «з глыбіні гор Ірану».

Складаная начная апэрацыя адбылася за дзень да тэрміну, які Трамп паставіў перад Тэгеранам, каб падпісаць угоду з Вашынгтонам і адкрыць для суднаходзтва Армускую пратоку.

Тэгеран распачаў новыя атакі на энэргетычную інфраструктуру ў краінах Пэрсыдзкай затокі і рэзка адрэагаваў на папярэджаньне Трампа, які днём раней заявіў, што Іран сутыкнецца зь «пеклам», калі тэрмін 6 красавіка ня будзе выкананы.

F-15E Strike Eagle быў зьбіты іранскімі СПА 3 красавіка, стаўшы першым амэрыканскім самалётам, страчаным над Іранам у часе пяцітыднёвага канфлікту.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG