Папа Рымскі ў Вялікдзень: «Даручым Богу ўсе сэрцы, якія пакутуюць і чакаюць сапраўднага міру»

Папа Леў XIV

У Вялікадзень, 5 красавіка 2026 году, Папа Леў XIV узначаліў урачыстую Імшу Ўваскрасеньня Пана на Плошчы сьвятога Пятра ў Ватыкане.

«Дарагія браты і сёстры! Усё стварэньне сёньня зьзяе новым сьвятлом. Зь зямлі ўзносіцца песьня хвалы, радуючы нашыя сэрцы: Хрыстус уваскрос зь мёртвых, і разам зь Ім мы таксама пакліканыя да новага жыцьця!» — сказаў у гаміліі Пантыфік, ягоныя словы прыводзіць Беларуская служба Ватыканскага радыё.

Ён падкрэсліў, што «гэтая велікодная вестка прыносіць надзею, якая не згасае, сьвятло, якое не зыходзіць, і тую паўнату радасьці, якую нішто ня можа сьцерці: сьмерць была пераможана назаўжды, сьмерць больш ня мае над намі ўлады!»

Калі мы адчуваем смутак, стомленасьць, здраду або пакінутасьць, калі сутыкаемся з уласнай слабасьцю, пакутамі і цяжкасьцямі штодзённага жыцьця — тады нам здаецца, што мы апынуліся ў тунэлі, выхаду зь якога ня бачым, адзначыў Папа.

«Але і звонку сьмерць заўсёды хаваецца дзесьці побач. Мы бачым яе ў несправядлівасьці, у прадузятым эгаізьме, у прыгнёце бедных, у абыякавасьці да самых слабых. Яна праяўляецца ў гвалце, у ранах сьвету, у крыку болю, які гучыць адусюль з-за злоўжываньняў, якія крыўдзяць безабаронных; у пакланеньні прыбытку, якое рабуе рэсурсы зямлі; у жорсткасьці вайны, якая забівае і разбурае», — заўважыў Сьвяты Айцец.

Леў XIV нагадаў, што пра ўсё гэта ягоны папярэднік Францішак гаварыў у сваёй першай апостальскай адгартацыі «Evangelii gaudium».

«Ён падкрэсьліваў, што Ўваскрасеньне Хрыста — гэта не падзея мінулага, а жыцьцёвая сіла, якая працягвае дзейнічаць у сьвеце і прыносіць плён».

У Сьвяточнай прамове Urbi et Orbi Папа заклікаў вернікаў падумаць над сваімі паводзінамі.

«У гэты сьвяточны дзень адмовімся ад жаданьня сварыцца, уладарыць і панаваць. Папросім Пана, каб Ён даў свой мір сьвету, які пакутуе ад войнаў, нянавісьці і абыякавасьці, якія прымушаюць нас адчуваць сябе бездапаможнымі перад абліччам зла. Даручым Богу ўсе сэрцы, якія пакутуюць і чакаюць сапраўднага міру, які можа даць толькі Ён. Даверымся і адкрыем Яму сэрцы, бо толькі Ён можа аднавіць усё. Зь Вялікаднем!» — закончыў сваё пасланьне Леў XIV.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Вялікдзень. Што сказалі ў сваіх віншаваньнях кіраўнікі цэркваў у Беларусі?