Калі Тэгеран не адкрые Армускай пратокі да 6 красавіка, Дональд Трамп абяцае ўдарыць па інфраструктуры Ірану, паведамляецца на англамоўным сайце Радыё Свабода/Радыё Свабодная Эўропа. Допіс у сацыяльнай сетцы прэзыдэнт Злучаных Штатаў апублікаваў празь некалькі гадзін пасьля таго, як абвясьціў, што амэрыканскія войскі выратавалі другога сябра экіпажу зьбітага зьнішчальніка F-15 у рамках рызыкоўнай місіі.
«Аўторак [7 красавіка] будзе Днём электрастанцыі і Днём моста, усё адначасова, у Іране. Нічога падобнага ня будзе!!! Адкрыйце я...ую пратоку, шалёныя вырадкі, або будзеце жыць у пекле — ПАБАЧЫЦЕ! Хвала Алаху», — напісаў ён у паведамленьні на сваёй плятформе Truth Social.
Раней Трамп заявіў, што сябра экіпажу F-15E, які быў аб’ектам пошукаў з моманту зьбіцьця самалёту 3 красавіка, быў уратаваны ў выніку таго, што ён назваў «цудоўнай» апэрацыяй.
«Мы яго знайшлі», — напісаў Трамп у Truth Social неўзабаве пасьля таго, як стала вядома пра выратаваньне, заявіўшы, што пілёт «атрымаў траўмы, але зь ім усё будзе добра».
Некалькі СМІ паведамілі, што амэрыканскага жаўнера даставілі ў шпіталь у Кувэйце.
У наступным допісе Трамп напісаў, што сябра экіпажу быў «сур’ёзна паранены», назваў яго палкоўнікам і сказаў, што яго выратавалі «з глыбіні гор Ірану».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Іран ударыў па энэргетычных аб’ектах краін Пэрсыдзкай затокіСкладаная начная апэрацыя адбылася за дзень да тэрміну, які Трамп паставіў перад Тэгеранам, каб падпісаць угоду з Вашынгтонам і адкрыць для суднаходзтва Армускую пратоку.
Тэгеран распачаў новыя атакі на энэргетычную інфраструктуру ў краінах Пэрсыдзкай затокі і рэзка адрэагаваў на папярэджаньне Трампа, які днём раней заявіў, што Іран сутыкнецца зь «пеклам», калі тэрмін 6 красавіка ня будзе выкананы.
F-15E Strike Eagle быў зьбіты іранскімі СПА 3 красавіка, стаўшы першым амэрыканскім самалётам, страчаным над Іранам у часе пяцітыднёвага канфлікту.