9 красавіка на бэрлінскай пляцоўцы Radialsystem адбудзецца пэрформанс Марыі Калесьнікавай. Музыкантка і прадстаўніца беларускай дэмакратычнай апазыцыі ўпершыню пасьля вызваленьня выйдзе да публікі як артыстка.
Пра гэта паведамляе выданьне Reform.news.
Праект «#freemaria» Калесьнікава распрацавала сумесна з рэжысэрам Ёханам Зандзігам. Гэта спроба асэнсаваць падзеі 2020 году і наступныя гады праз прызму мастацтва і асабістага досьведу.
«Магчыма, мастацтва ня выратуе сьвет, але яно можа даць людзям сілу і прынесьці выратаваньне. Гэтым усьведамленьнем Марыя Калесьнікава хоча падзяліцца з усімі намі», — гаворыцца ў анонсе імпрэзы.
14 сакавіка сёлета Калесьнікава асабіста атрымала Міжнародную прэмію імя Карла Вялікага ў Ахэне, якая была прысуджана ёй завочна яшчэ ў 2022 годзе. Тады разам зь ёй ляўрэаткамі прэміі сталі Сьвятлана Ціханоўская і Вераніка Цапкала.