Расейцы ўсё часьцей набываюць кватэры ў Менску. Гэта зьвязваюць з рознымі абмежаваньнямі, якія ўводзяць у Расеі падчас яе вайны ва Ўкраіне.
Як паведамляе Менскае гарадзкое агенцтва дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельнага кадастру (МГА), толькі за сакавік 2026 году паводле дамоваў куплі-продажу ў грамадзян Расеі было зарэгістравана 126 аб’ектаў нерухомасьці ў Менску.
Усяго ў базе Нацыянальнага кадастравага агенцтва ў Менску за сакавік было зафіксавана 1284 угоды. Такім чынам, доля купляў нерухомасьці расейцамі ў сталіцы Беларусі склала каля 10%.
У МГА заявілі, што такое права грамадзяне Расеі маюць на падставе закону «Аб праўным становішчы замежных грамадзян».
«Купля праз дамову куплі-продажу, абмены або іншыя ўгоды — усё законна. Няма абмежаваньняў тыпаў нерухомасьці: кватэра, дом, офіс. Галоўнае — памятаць аб разьліках: буйныя сумы пераводзіць праз банк, каб не парушаць ліміты гатоўкі», — паведамілі ў МГА.
Экспэрт у нерухомасьці Натальля Літоўская ў інтэрвію выданьню «Точка» ацаніла магчымы ўплыў попыту расейцаў на цэны кватэраў.
«Расейцы, як правіла, купляюць не хрушчоўкі на Адоеўскага або панэлькі на Несьцерава. Іх цікавіць жыльлё камфорт-клясы і вышэйшай. Там і цана мэтра вышэйшая. Лягічна выказаць здагадку, што цяпер сярэдняя цана ўгодаў расьце перш за ўсё праз рост колькасьці ўгодаў з дарагімі кватэрамі».
Выданьне «Точка» нагадвае, што раней у сувязі з валам абмежаваньняў у Расеі, у тым ліку мабільнай сувязі, інтэрнэту, многія жыхары суседняй краіны задумаліся аб пераезьдзе ў Беларусь.
Раней доля расейцаў, якія куплялі кватэры ў Менску, не перавышала, паводле агенцтва «Твая сталіца», 1,5–3%.