У Іране загінуў камандзір КВІР, які мае дачыненьне да падаўленьня пратэстаў

Махамад Алі Фаталізадэ

Брыгадны генэрал Корпуса вартавых Ісламскай рэвалюцыі Ірана і камандзір спэцыяльнага падразьдзяленьня «Фатэхін» КВІР Махамад Алі Фаталізадэ быў забіты, паведаміла іранскае інфармацыйнае агенцтва, зьвязанае зь Міністэрствам абароны краіны.

Паведамленьне гаворыць пра яго гібель 2 красавіка, не ўдакладняючы, як гэта адбылося.

Імя Фаталізадэ дапаўняе доўгі пералік чыноўнікаў і камандзіраў, якія загінулі ў выніку мэтанакіраваных бамбардзіровак амэрыканскіх і ізраільскіх войскаў на працягу апошніх пяці тыдняў.

Па дадзеных міжнародных мэдыя, толькі 28 лютага — у першы дзень нападаў ЗША і Ізраіля — загінулі больш за 40 чыноўнікаў і камандзіраў разам зь Вярхоўным лідэрам аятала Алі Хамэнэі.

Фаталізадэ ўзначальваў спэцыяльнае падразьдзяленьне «Фатэхін» КВІР на працягу года. Чальцы гэтага падразьдзяленьня праходзяць спэцыяльную ваенную падрыхтоўку, якая выходзіць за рамкі стандартнай падрыхтоўкі чальцоў ваенізаванай групоўкі «Басідж», і раней яны ўдзельнічалі ў грамадзянскай вайне ў Сірыі і падаўленьні пратэстаў у апошнія гады.

У сьнежні 2022 года, на сустрэчы з групай спэцпадразьдзяленьня «Фатэхін», якія ўдзельнічалі ў падаўленьні пратэстоўцаў, тагачасны прэзыдэнт Эбрагім Раісі сказаў ім, што яны «добра праявілі сябе» ў абыходжаньні з пратэстоўцамі.

Тым часам у Іране працягваюцца пакараньні сьмерцю пратэстоўцаў. Сёньня ж навінавае агенцтва Mizan паведаміла аб пакараньні сьмерцю 18-гадовага Амірхасэйна Хатамі, арыштаванага падчас удзелу ў студзеньскіх пратэстах.

Падлетка абвінавачвалі ў пранікненьні на закрыты ваенны аб’ект у Тэгеране. Па паведамленьні, пакараньне адбылося пасьля таго, як апэляцыя на прысуд была адхіленая, а Вярхоўны суд пакінуў прысуд у сіле. Агенцтва сьцьвярджае, што Хатамі нібыта прызнаўся падчас допыту.

Хатамі — пяты пратэстант, пакараны сьмерцю за апошнія тры дні. Ён быў сярод 11 мужчын, якіх праваабарончая група Amnesty International назвала тымі, хто знаходзіўся пад непасрэднай пагрозай пакараньня, і якіх «падвергнулі катаваньням і іншым відам жорсткага абыходжаньня падчас утрыманьня пад вартай, перш чым асудзіць у надзвычай несправядлівых судовых працэсах, якія абапіраліся на прымусовыя прызнаньні».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Беларусі ўвядуць адказнасьць за «прапаганду гомасэксуальнасьці і бязьдзетнасьці»