Палітзьняволеная, былая актывістка АГП Вольга Маёрава паведаміла пра пагаршэньне здароўя і пагрозу свайму жыцьцю. Пра гэта Свабодзе распавяла былая зьняволенай жаночай калёніі № 24, якая бачылася з Вольгай Маёравай да свайго вызваленьня.
«Яна ў вельмі дрэнным стане. Па-першае, паводле здароўя, бо яна вельмі дрэнна бачыць і паступова ў калёніі губляе астаткі зроку, ужо амаль ня бачыць. Па-другое, як яна кажа, ёй пагражаюць, таму ўсур’ёз непакоіцца за сваё жыцьцё», — распавяла пра Маёраву крыніца, якая прасіла не называць яе імя з прычын бясьпекі.
Вольга Маёрава адбывае тэрмін у калёніі № 24 ў пасёлку Зарэчча Рэчыцкага раёну. Гэтая калёнія прызначанай для жанчын, якія зьдзейсьнілі больш як адно злачынства, у тым ліку там адбываюць тэрміны рэцыдывісткі. У калёніі палітзьняволеная атрымала чырвоную бірку «схільнай да тэрарызму», праз што яна пазбаўленая многіх правоў, у тым ліку ёй забароненыя грашовыя пераводы і пасылкі зь лекамі.
Да вызваленьня ў лютым 2025 году ў калёніі № 24 адбывала пакараньне Паліна Шарэнда-Панасюк. Яна ў размове са Свабодай згадала, што бачыла ў калёніі Вольгу Маёраву і ўжо тады яе стан выклікаў трывогу.
«Перасоўваецца яна зь цяжкасьцю, бо вельмі дрэнна бачыць. Яна ўжо пэнсіянэрка, таму не працуе і сядзіць у атрадзе. Але ведаю, што ніякіх грошай са сваёй пэнсіі не атрымлівае, матэрыяльна ёй вельмі цяжка», — расказала пра Маёраву Паліна Шарэнда-Панасюк.
Вольга Маёрава была фігуранткай справы Мікалая Аўтуховіча аб тэрарызьме.
У 2022 годзе жанчыну асудзілі да 20 гадоў зьняволеньня паводле некалькіх артыкулаў Крымінальнага Кодэксу, уключна з артыкулам 295 пра «незаконныя дзеяньні са зброяй».
Спачатку Маёрава адбывала пакараньне ў гомельскай жаночай калёніі № 4, але там на яе завялі новую справу паводле 411 артыкулу аб «злосным непадпарадкаваньні адміністрацыі», дадалі да тэрміну яшчэ паўтара гады і перавялі ў калёнію № 24 у Зарэччы. Там яна пачала губляць зрок.
«У яе катаракта, рубцы, пагроза поўнай сьлепаты. Яна зьвярталася па дапамогу, але мэдыцынская частка калёніі адмовіла ў лячэньні. Больш за тое, з-за статусу „тэрарысткі“ ёй не перадаюць лекі і мэдыцынскія бандэролі ад родных», — летась паведамляла пра Вольгу Маёраву Вольга Зазулінская.