Як паведамляе Delfi.lt, у Літве распачалі 30 крымінальных спраў. На фоне паўторных інцыдэнтаў з кантрабанднымі мэтэазондамі, якія запускаюцца зь Беларусі ў Літву, генэральны пракурор Літвы Ніда Грунскене заявіла, што заведзена больш за 30 папярэдніх спраў, і падазрэньні прад’яўленыя 90 асобам.
«Даказаць гэта складана, але супрацоўнікі паліцыі працуюць, кола падазроных па гэтай справе расьце», — заявіла Грунскене.
Паводле яе слоў, з пачатку 2026 году зафіксаваныя 83 выпадкі кантрабанды на метэазондах.
«Цяпер расьсьледавана каля 20 спраў, больш за 30 чалавек прызнаныя вінаватымі і прысуджаныя да пакараньня за кантрабанду цыгарэт на мэтэазондах. У мінулым годзе было зафіксавана больш за 600 выпадкаў кантрабанды цыгарэт, якія перавозіліся на мэтэазондах, а сёлета за 3 месяцы мы ўжо зафіксавалі 83 выпадкі», — падкрэсьліла генэральны пракурор.
У сувязі з крызісам, зьвязаным з кантрабанднымі мэтэазондамі, урад у канцы мінулага года абʼявіў надзвычайную сытуацыю па ўсёй краіне.
Паводле ацэнак кампаніі Літоўскія аэрапорты (LTOU), з-за беларускіх кантрабандных мэтэазондаў, якія зьяўляюцца асноўнай прычынай збояў у працы аэрапорта Вільні, страты кампаніі за кастрычнік і лістапад мінулага года склалі прыблізна 200 тысяч эўра.
У ноч на 31 сакавіка ў аэрапорце Вільні зноў уводзілі часовыя абмежаваньні паветранай прасторы праз рызыкі ад запуску кантрабандных балёнаў зь Беларусі.
Перад гэтым такі інцыдэнт адбыўся 27 сакавіка.
Балёны летась парушылі графік больш за 300 рэйсаў — пераважна ў Віленскім аэрапорце, але таксама і ў Ковенскім, што закранула 47 000 пасажыраў і прывяло да закрыцьця лётнішчаў амаль на 60 гадзін.
Летась у сярэдзіне сьнежня ўрад Літвы абвясьціў надзвычайнае становішча з гэтай прычыны. Дзяржаўная мяжа зь Беларусьсю была часова закрытая ў кастрычніку.
Дзяржаўная памежная служба Літвы 26 сакавіка паведаміла, што сёлета было перанята 75 кантрабандных паветраных балёнаў, якія пераносілі больш за 200 000 пачкаў нелегальных цыгарэт. Літоўскія палітыкі лічаць гэтыя ўварваньні гібрыднай атакай рэжыму Лукашэнкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Віленскі аэрапорт зноў на гадзіну прыпыняў працу праз кантрабандныя мэтэазонды зь БеларусіЗакрыцьцё пераходаў на мяжы Літвы і Беларусі
- 8 жніўня 2023 году Літва закрыла пункты пропуску Шумск (з боку Беларусі Лоша) і Цьверач (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкі (Катлоўка) і Райгорад (Прывалка). На мяжы зь Беларусьсю працягвалі працаваць два памежныя пераходы — Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі).
- Урад Літвы 27 кастрычніка 2025 году зусім закрыў мяжу зь Беларусьсю на месяц пасьля таго, як некалькі разоў вымушана прыпынялася праца аэрапортаў у Вільні і Коўне з прычыны зьяўленьня паблізу іх аэрастатаў, якія ляцелі зь Беларусі, несучы цыгарэты.
- Улады Беларусі ў адказ 31 кастрычніка забаранілі літоўскім грузавікам выяжджаць цераз польскую і латвійскую мяжу.
- 10 лістапада на загад Аляксандра Лукашэнкі ўсе літоўскія фуры, якія знаходзяцца ў Беларусі, сабралі на адмысловых пляцоўках і ўзялі пад ахову з выстаўленьнем рахункаў — 120 эўра на содні. Паводле Лукашэнкі, фураў было больш за 1100.
- 10 лістапада Вільня зьвярнулася да Менску з просьбай дазволіць выезд грузавікоў сваіх кампаніяў у Літву. Менск адмовіў.
- Вільня марна спрабавала вярнуць транспарт шляхам кантактаў на ведамасным узроўні. Беларусь прапанавала Літве або скасаваць рашэньне аб закрыцьці мяжы, або выйсьці на палітычна-дыпляматычнае разьвязаньне праблемы.
- 19 лістапада ўрад Літвы вырашыў, што закрытыя ў кастрычніку два пункты пропуску на мяжы Літвы і Беларусі Меднікі і Салечнікі адкрыюцца з 20 лістапада. Перад гэтым прэмʼер-міністарка Інга Ругінене заявіла, што апошнім часам паветраных балёнаў з кантрабандавымі цыгарэтамі стала меней.
- Аднак пасьля таго як урад Літвы зноў адкрыў мяжу, Віленскі аэрапорт зноў некалькі разоў закрывалі з прычыны аэрастатаў зь Беларусі, а літоўскім фурам па-ранейшаму не даюць выехаць у Літву. Беларускі бок патрабуе ад Вільні пачатку палітычных перамоваў.