Рэгіянальны тэлеканал «Беларусь-4» паведамляе, што ў Берасьцейскай вобласьці складваецца трывожная сытуацыя сытуацыя з шаленствам сярод дзікіх жывёл. Гэта нясе пагрозу свойскай жывёле і людзям.
«Выпадкаў прыкметна пабольшала. Толькі за першыя два месяцы году спэцыялісты правялі каля 280 дасьледаваньняў. У 25 выпадках пацьвердзіўся вірус шаленства. Гэта прыкладна ў пяць разоў больш, чым за аналягічны леташні пэрыяд», — перадае «Беларусь-4», дзяржаўны тэлеканал з рэгіянальнымі навінамі.
Шаленства перадаецца праз укусы, але небясьпечныя і драпіны, і нават трапляньне сьліны хворай жывёлы на скуру. Дастаткова мікратрэшчыны, каб вірус пракраўся ў арганізм чалавека.
У Берасьцейскі гарадзкі шпіталь хуткай мэдычнай дапамогі штодзень зьвяртаюцца па 2-3 чалавекі пасьля ўкусаў жывёл, паведамляе тэлеканал і раіць дзейнічаць адразу: рану трэба старанна прамыць вадой з звычайным гаспадарчым мылам, а затым апрацаваць антысэптыкам. Пасьля гэтага без прамаруджаньня зьвярнуцца ў траўмапункт. Нават калі пашкоджаньне здаецца нязначным, рызыкаваць нельга, бо безь лячэньня магчымая сьмерць.
Шаленства — небясьпечнае і сьмяротнае захворваньне як для жывёлаў, так і для людзей. Яно мае працяглы інкубацыйны пэрыяд (да 6 месяцаў), калі ў жывёлаў яшчэ не назіраецца клінічных прыкметаў і яны выглядаюць здаровымі. Таму пры перамяшчэньні жывёлаў кантрольныя службы могуць абапірацца толькі на суправаджальныя дакумэнты, якія павінны гарантаваць, што жывёліна вакцынаваная і нікому не пагражае.
Паводле пастановы Эўракамісіі ад 19 красавіка 2024 году, з 16 верасьня 2024 году для ўвозу на тэрыторыю ЭЗ зь Беларусі і Расеі свойскіх сабак, катоў і тхароў трэба паказваць вынікі тэсту на тытраваньне антыцелаў да вірусу шаленства.
Падстава рашэньня Эўракамісіі — «неаднаразовыя парушэньні, выяўленыя нацыянальнымі ўладамі ў пунктах увозу ў ЭЗ у дачыненьні да свойскіх сабак, катоў і тхароў, якія перамяшчаюцца зь Беларусі і Расеі».
Такія парушэньні, на думку камісіі, «выклікаюць значныя сумневы што да пастаяннага і эфэктыўнага прымяненьня і рэалізацыі правілаў прафіляктыкі і барацьбы з шаленствам, гарантаваных кампэтэнтнымі органамі гэтых краін, а таксама наконт дакладнасьці афіцыйных сэртыфікатаў, выдадзеных на іх узроўні».