Як паведамляе Літоўская тэлевізія, Міністэрства замежных спраdfў Літвы пацьвердзіла інфармацыю пра асуджэньне ў Беларусі грамадзяніна Літвы Міраславаса Троцкіса на 15 гадоў пазбаўленьня волі.
Паводле зьвестак міністэрства, з сваякамі асуджанага падтрымліваюць пастаянную сувязь, яго таксама наведваў консул.
«Мы можам пацьвердзіць, што гэты грамадзянін Літоўскай Рэспублікі затрыманы і знаходзіцца пад вартай у Рэспубліцы Беларусь. Пасольства Літвы ў Менску было праінфармавана пра яго затрыманьне, чалавека наведаў консул, і зь яго сваякамі падтрымліваецца пастаянная сувязь. Больш падрабязную інфармацыю мы ня можам даць з прычыны абароны пэрсанальных зьвестак», — гаворыцца ў адказе МЗС агенцтву Elta.
«Ужо некалькі гадоў Міністэрства замежных справаў настойліва рэкамэндуе грамадзянам Літвы ня езьдзіць у Беларусь, а тым, хто ўжо знаходзіцца ў краіне, — неадкладна выехаць праз узьніклую пагрозу затрыманьня», — падкрэсьліваюць у міністэрстве.
35-гадовы Троцкіс увосень 2024 году паехаў у Беларусь, каб наведаць сваякоў, але так і не вярнуўся дадому.
Троцкіс жыў у Вільні, скончыў унівэрсытэт Мікаласа Ромэрыса ў 2011 годзе. З адкрытых крыніц вядома, што ён падтрымліваў цесныя сувязі з Беларусьсю. З паведамленьняў у Facebook відаць, што ён або жанаты, або заручаны зь беларускаю жанчынаю, таксама мае ў Беларусі сваякоў і з маладосьці часта езьдзіў туды.
11 сакавіка Міраславаса асудзілі на 15 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі строгага рэжыму, паведамляе Літоўская тэлевізія.