«Сярэдняя цана паслуг адваката — 12–15 тысяч даляраў». Як беларусы спрабуюць атрымаць палітычны прытулак у ЗША

Статуя Свабоды каля ўзьбярэжжа ЗША. Ілюстрацыйнае фота

У ЗША сталі часьцей адмаўляць беларусам у палітычным прытулку. Іх зьмяшчаюць у іміграцыйныя турмы, пагражаюць дэпартацыяй. Сябра Асацыяцыі беларусаў у Амэрыцы Глеб Івашкевіч тлумачыць, чаму так адбываецца.

Глеб Івашкевіч — актыўны ўдзельнік і арганізатар пратэстаў 2020 году ў Віцебску. У 2021 годзе пераехаў у ЗША, дзе засяродзіўся на практычнай дапамозе землякам, якія пацярпелі ад рэпрэсіяў. Дапамог 15 беларусам прайсьці праз складаныя імігранцкія працэсы, выцягваў іх з так званых «дэтэншэнаў» (міграцыйных турмаў).

Свой аповед пра пагаршэньне сытуацыі з іміграцыйнымі судамі, якія ўсё часьцей адмаўляюць беларусам у статусе палітычных уцекачоў, ён пачаў з станоўчых прыкладаў, калі рашэньні аб дэпартацыі ўдалося аспрэчыць.

10 месяцаў турмы

На мінулым тыдні зь міграцыйных турмаў вызвалілі сужэнцаў Льва і Вольгу Бабаеўскіх, якіх трымалі за кратамі амаль 10 месяцаў. Сужэнцы з двума дзецьмі ўцяклі зь Беларусі ў 2022 годзе праз пагрозу затрыманьня пасьля ўдзелу ў пратэстах.

15 чэрвеня 2022 году сям’я Бабаеўскіх трапіла ў ЗША праз Мэксыку (праз памежны пераход Brownsville / Matamoros), выканала ўсе неабходныя іміграцыйныя працэдуры. Яны амаль 3 гады пражылі ў Сан-Антоніё ў чаканьні суду ў справе наданьня статусу палітычных уцекачоў. Судовае паседжаньне было прызначана на 29 траўня 2025 году. Але там справу адхілілі — без разгляду і тлумачэньня прычынаў. Льва і Вольгу арыштавалі ў будынку суду. Іхную 11-гадовую дачку забралі сваякі.

«Муж з жонкай сядзелі ў розных дэтэншэнах з канца траўня, іх справа ніяк ня рушыла зь месца. Сям'я падала пэтыцыю Habeas Corpus на незаконнае затрыманьне. І іх літаральна днямі выпусьцілі з дэтэншэнаў. Мы чакаем, калі яны крыху выдыхнуць, апрытомнеюць, каб распытаць пра ўсе акалічнасьці, умовы. Дарэчы, летам у Сяргея Ціханоўскага, які прыяжджаў у ЗША і сустракаўся з прадстаўнікамі беларускай дыяспары, на тэчцы было таксама іхнае фота — тады мы вялі справы чацьвярых беларусаў: Артура Сянько (пра яго Свабода падрабязна пісала), Веранікі Казлоўскай, Вольгі і Льва Бабаеўскіх, а крыху пазьней Анатоля Бокуна. Усе гэтыя людзі былі вызваленыя з дэтэншэнаў», — апавядае Глеб Івашкевіч.

Скрыншот з дакумэнта аб рашэньні па сям'і беларусаў Бабаеўскіх

Узгадаў ён і сваю самую першую пасьпяховую справу дапамогі беларусам у штаце Мінэсота, пра якую раней не паведамлялі мэдыя. Гісторыя завершылася ў чэрвені 2026 году.

«Бацька прыехаў з палітычных матываў раней і даволі хутка атрымаў палітычны прытулак. Потым прыехаў ягоны сын. А сыну проста на паседжаньні суду падсунулі паперку аб дэпартацыі. Сын не разабраўся, падпісаў, і яго пасадзілі ў дэтэншэн. Бацька пачаў змагацца за сына. Я яму параіў зьвярнуцца да дэпутаткі Кангрэсу ад ягонай акругі, яна працялася гэтай гісторыяй. І завершылася ўсё тым, што сына ўключылі ў закрытую справу бацькі. Сын цяпер на волі і ўжо з статусам палітычнага ўцекача», — апавядае Івашкевіч.

«Цяжэй стала даказваць, што беларусам неабходная абарона»

За апошні год працэнт адмоваў у палітычным прытулку, якія выносяць іміграцыйныя суды ЗША, істотна вырас, кажа Глеб Івашкевіч. На ягоную думку, гэта адбылося прапарцыйна колькасьці новых іміграцыйных судзьдзяў, якія прыйшлі на працу ўжо за часы прэзыдэнта Трампа. Гэта ў асноўным былыя вайсковыя пракуроры і супрацоўнікі вайсковых пракуратураў, якія могуць перадузята ставіцца да беларускіх справаў.

«Днямі да мяне прыходзіў хлопец, якому адмовілі ў палітычным прытулку нягледзячы на тое, што ён меў дастаткова доказаў, дакумэнтаў: ён і на мітынгі хадзіў, і адседзеў — звычайная беларуская справа. Але быў нюанс: ён выступаў сьведкам на судзе ў свайго брата ў Беларусі з надзеяй, што справу перавядуць з разраду крымінальнай у адміністрацыйную. На паседжаньні судзьдзя, вывучаючы матэрыялы, кажа пракурору: „А вам не здаецца, што гэты чалавек супрацоўнічае з рэжымам і зрабіў усё, каб ягоны брат сеў у турму?“ Пракурор кажа, што яму таксама гэта здаецца. І хлопцу адмаўляюць у палітычным прытулку. То бок зараз стала нашмат цяжэй даказваць, што беларусам неабходная абарона, палітычны прытулак», — перакананы юрыст.

Глеб Івашкевіч таксама згадвае выпадкі, калі амэрыканскія адвакаты на іміграцыйных судах наагул маўчаць. Ён называе гэта вельмі вялікай праблемай.

«На маю думку, гэта зьвязана з тым, што адвакаты, працуючы ў сваім стандартным рэжыме, ня думалі, што ім так цяжка будзе даказваць: нібыта справа добрая, але яны бачаць з вынікаў іншых паседжаньняў, што справы такога пляну будуць адхіляць.

Па-другое, гэта бізнэс. Адвакат у іміграцыйных судах атрымлівае грошы не за вынік, а толькі за вядзеньне справы, за ўдзел у працэсе. На жаль, ёсьць адвакаты, якім бяз розьніцы, чым справа скончыцца. І людзі вымушаныя шукаць іншага адваката, каб выратаваць сябе», — кажа Івашкевіч.

Глеб Івашкевіч

І тлумачыць, што сярэдняя цана вядзеньня адвакатам стандартнай справы — 12–15 тысяч даляраў. Плюс рыхтаваньне да інтэрвію ў міграцыйнага афіцэра, калі чалавек даўно чакае суду і ўжо крыху спыніў сваю актыўнасьць у новай краіне, бо яму трэба працаваць, зарабляць, утрымліваць сям’ю — можа даходзіць яшчэ да 5 тысяч даляраў.

«Гэта пад’ёмныя грошы, іх можна зарабіць. Крыўдна, калі ты плаціш, спадзяесься, але ўсё адно можаш сесьці ў турму», — дадае беларус.

Тых, хто прайграў суды, пакуль не дэпартавалі

Але выпадкаў, каб беларус прайграў суд і яго адразу б дэпартавалі са Злучаных Штатаў на радзіму, пакуль не было, кажа Глеб Івашкевіч. Адрозна ад расейцаў, якіх дэпартуюць цэлымі самалётамі.

«Нас не імкнуцца хутка адправіць назад у Беларусь: мабыць, амэрыканцы ня ведаюць, як разьвязаць сытуацыю з намі. Бо, з аднаго боку, спэцыяльны пасланьнік Джон Коўл пастаянна езьдзіць на перамовы ў Беларусь, зараз абмяркоўваецца візыт Лукашэнкі ў ЗША. А з другога боку — тут ёсьць людзі, якія хаваюцца ад лукашэнкаўскага рэжыму, Дзяржаўны дэпартамэнт прызнаў, што Беларусь ня ёсьць бясьпечнай краінай. Пакуль мы не разумеем, як гэта адаб’ецца на беларускіх уцекачах. Амэрыканскі бок падыходзіць да гэтага пытаньня вельмі акуратна: імаверна, яны маюць свае інтарэсы, акрамя палітзьняволеных. І тыя інтарэсы эканамічныя», — разважае Глеб Івашкевіч.

Каб дапамагаць разьвязваць праблемы беларусаў, Івашкевіч сустракаецца з прадстаўнікамі ўлады, розных палітычных структураў — і дэмакратамі, і рэспубліканцамі.

«У нас былі сустрэчы з кангрэсмэнам Браянам Фіцпатрыкам, ягоны памочнік зьвярнуўся да мяне з просьбай рыхтаваць штомесячную інфармацыю аб затрыманых і вызваленых беларусах у Пэнсыльваніі — яны хочуць разумець, што адбываецца, я спадзяюся, што праз такія сувязі мы знойдзем рашэньне», — апавядае Глеб Івашкевіч.

Прыкладна з такімі ж праблемамі сутыкаюцца імігранты-беларусы і ў Эўропе. Таму Івашкевіч хоча скаапэравацца з Офісам Сьвятланы Ціханоўскай і супрацоўнікамі Аб’яднанага пераходнага кабінэту, пагатоў актывіст атрымаў прапанову вылучацца на выбары ў Каардынацыйную раду.

«Мне патэлефанавала прадстаўніца Офісу Ціханоўскай у сацыяльнай палітыцы Вольга Зазулінская і прапанавала пайсьці ў Каардынацыйную раду — далучыцца да сьпісу „Эўрапейскі выбар“.

Па-першае, сяброўства ў КР дае больш афіцыйны мандат, чым АБА (Асацыяцыя беларусаў Амэрыкі, — РС) — адкрыюцца шырэйшыя магчымасьці ўзаемадзеяньня тут, у Амэрыцы. Мы можам скаапэравацца з прадстаўнікамі іншых дыяспараў, каб дзяліцца досьведам, выпрацаваць агульную стратэгію абароны беларусаў у эміграцыі і процістаяць антыімігранцкім настроям у сьвеце», — кажа Глеб Івашкевіч.