У Беларусі паведамілі, што тысяча грузавікоў можа выехаць у Літву і Польшчу. За іх аплацілі паслугі захоўваньня

На беларуска-літоўскай мяжы. Ілюстрацыйнае фота

У Дзяржаўным мытным камітэце Беларусі паведамілі, што фактычна празь беларуска-літоўскую і беларуска-польскую мяжу ўжо выехалі прыблізна 700 грузавікоў, раней затрыманых на беларускай тэрыторыі, і яшчэ 300 чакаюць уезду ў Літву.

Як адзначаецца ў паведамленьні ведамства, ужо за 1 000 транспартных сродкаў на літоўскай рэгістрацыі аплацілі паслугі за захоўваньні.

Пры гэтым беларускі бок абвінаваціў Літву ў марудным афармленьні грузавікоў на мяжы.

«Калі б літоўскі бок выконваў нормы па пропуску грузавікоў у поўным аб’ёме, усе транспартныя сродкі, якія выехалі з спэцпляцовак, ужо выехалі б зь Беларусі, а так ім даводзіцца чакаць у чарзе прыблізна па двое содняў», — паведамілі ў Дзяржаўным мытным камітэце Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Літоўскія памежнікі паведамілі, што ў Літву вярнуўся 331 раней затрыманы ў Беларусі грузавік

Літоўскія перавозьнікі 24 сакавіка пачалі забіраць свае фуры зь Беларусі, дзе яны знаходзіліся з канца кастрычніка 2025 году.

Літоўскія фуры затрымалі ў Беларусі ў адказ на рашэньне Літвы закрыць дзяржаўную мяжу з прычыны пастаяннага прылёту зь Беларусі паветраных балёнаў з кантрабандай.

Беларускі бок ня раз патрабаваў, каб пытаньне разьвязвалася на ўзроўні кіраўнікоў МЗС ці ўрадаў дзьвюх дзяржаваў. У Літве пры гэтым працягвалі фіксаваць прылёты кантрабандных цыгарэт на балёнах зь Беларусі.

17 сакавіка кіраўнік беларускага ўраду Аляксандар Турчын правёў зь літоўскімі перавозьнікамі сустрэчу, на якой заявіў, што Беларусь ня будзе канфіскоўваць літоўскія фуры. Аднак плату за іх спагоніць.

Турчын адзначыў, што беларускі бок «усе чатыры месяцы» прапаноўваў калегам зь Літвы правесьці сустрэчу і перамовы для «ўрэгуляваньня гэтага і іншых пытаньняў у двухбаковых дачыненьнях». Якраз цягам чатырох месяцаў беларускі бок настойваў на сустрэчы абодвух бакоў на высокім палітычным узроўні.

У Літве гэтую сустрэчу назвалі «прапагандысцкай акцыяй, каб узмацніць ціск на Літву».

Таксама дзеля разьвязаньня сытуацыі з тэхнікай літоўскія перавозьнікі зьвярталіся ў Эўракамісію. Атрымалі адказ, што пытаньне будзе разглядацца.

19 сакавіка, пасьля сустрэчы з Лукашэнкам, спэцыяльны пасланьнік ЗША Джон Коўл заявіў, што «ЗША хацелі б, каб адносіны Літвы і Беларусі палепшыліся». Напярэдадні паездкі ў Беларусь ён сустракаўся з прадстаўнікамі ўраду Літвы.

Ужо 23 сакавіка стала вядома, што Лукашэнка дазволіў літоўскім грузавікам выехаць.

Нягледзячы на тое, што Літва адкрыла мяжу з 20 лістапада, рэжым Лукашэнкі не дазваляў транспартным сродкам пакідаць краіну з канца кастрычніка 2025 году і скіраваў іх на адмысловыя пляцоўкі, дзе за кожны грузавік спаганяецца штодзённая плата 120 эўра. Больш за тое, улады Беларусі абяцалі сканфіскаваць іх праз 4 месяцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Літва ўжо прызначыла чалавека для перамоваў зь Беларусью, — прэм’ер-міністарка Ругінене