Ужо сёньня: народзіны Васіля Захаркі і Сяргея Антончыка

Кіраўнікі місій БНР у эўрапейскіх краінах, 1919 год. Сядзяць (злева направа): Яўген Ладноў, Васіль Захарка, Мікола Вяршынін, Леанард Заяц; стаяць: Лявон Вітан-Дубейкаўскі, Янка Чарапук, Яўхім Бялевіч.

Падзеі 1 красавіка ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дзень у гісторыі

1557 — Жыгімонт Аўгуст падпісаў «Уставу на валокі», пачатак правядзеньня зямельнай рэформы ў ВКЛ.

1579 — заснаваны Віленскі ўнівэрсытэт. Стэфан Баторы даў яму прывілей.

1778 — бізнэсовец Олівэр Полак, як лічыцца, ненаўмысна «вынайшаў» знак $, калі запісваў ад рукі скарот «ps», які абазначаў гішпанскія грашовыя адзінкі — pesos, што былі тады асноўнай валютай. Лічыцца, што літары напаўзьлі адна на адну і ўтварыўся знак даляра $.

1939 — паразай рэспубліканцаў скончылася грамадзянская вайна ў Гішпаніі.

1946 — У Ватэнштэце (Нямеччына) выйшаў першы нумар часопіса «Шляхам жыцьця», рэдактарам якога быў Хведар Ільяшэвіч.

1948 — Савецкі Саюз пачаў уводзіць абмежаваньні для руху ў Заходні Бэрлін і з Заходняга Бэрліну, якія да 24 чэрвеня сталі поўнай блякадай.

1976 — Стыў Джобс, Стыў Возьняк і Роналд Уэйн заснавалі кампанію Apple Inc.

Стыў Джобс прэзэнтуе кампутар Macintosh, 1984

1979 — пасьля рэфэрэндуму Рухала Хамэйні афіцыйна абвясьціў Іран ісламскай рэспублікай.

1981 — у Менску адкрыўся Літаратурны музэй Максіма Багдановіча. У 1989—1998 ягоным дырэктарам быў будучы нобэлеўскі ляўрэат Алесь Бяляцкі.

Музэй Багдановіча сустракае Данчыка, амэрыканскага сьпевака беларускага паходжаньня

2004 — кампанія Google запусьціла свой паштовы сэрвіс Gmail.



2009 — Альбанія і Харватыя далучыліся да NATO.

У гэты дзень нарадзіліся

1809 — Мікалай Гогаль, расейскі пісьменьнік.

Паштовая марка да 200-годзьдзя з дня нараджэньня Мікалая Гогаля

1815 — Ота фон Бісмарк, канцлер Нямеччыны.

1846 — Браніслаў Мінейка, паўстанец 1863-1864 гадоў.

1862 — Адам Багдановіч, этнограф і мэмуарыст.

1873 — Сяргей Рахманінаў, расейскі кампазытар, піяніст і дырыгент.

1877 — Васіль Захарка, старшыня Рады БНР на эміграцыі ў 1928–1943 гадах. На скліканай 10 кастрычніка 1925 году канфэрэнцыі ў Бэрліне Захарка не прызнаў Савецкай Беларусі за незалежную дзяржаву. Дзякуючы яму БНР не спыніла свайго існаваньня, бо большасьць сяброў рады прызнала БССР.

Васіль Захарка

1901 — Сяргей Пясэцкі, польскі пісьменьнік беларускага паходжаньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ці шмат вы ведаеце пра пісьменьніка Сяргея Пясэцкага? ТЭСТ

1919 — Раiса Кудрэвiч, жывапісец, народная мастачка Беларусі.

1929 — Мілан Кундэра, чэскі пісьменьнік.

1940 — Уладзімер Басалыга, беларускі графік.

Зь сябрамі на ганку зэльвенскай хаты: Аляксей Марачкін, Яўген Кулік, Пётра Сьвентахоўскі, Ларыса Геніюш, Уладзімер Басалыга; сядзіць — Ірына Марачкіна. 1981 г.

1941 — Леанід Марчанка, мастак-графік.

1947 — Алесь Жук, беларускі пісьменьнік.

1956 — Сяргей Антончык, дэпутат Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце Беларусі 12-га скліканьня, адзін зь лідэраў рабочага руху.

Сяргей Антончык, красавік 1991

У памяці

1548 — Жыгімонт І Стары, вялікі князь літоўскі і кароль польскі.

1940 — Язэп Лёсік, беларускі мовазнаўца, публіцыст, палітычны дзеяч, старшыня Рады БНР. Быў дзеячом Беларускай сацыялістычнай грамады, удзельнікам Першага Ўсебеларускага зьезду. Адзін з ініцыятараў абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. 2-і старшыня Рады БНР, пасьля старшыня Найвышэйшай Рады БНР. Выкладчык БДУ і Белпэдтэхнікуму, правадзейны сябра Інбелкульту (1922), Акадэмік Беларускай акадэміі навук (1928). Адзін з ініцыятараў правядзеньня Акадэмічнай канфэрэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі ў Менску (1926), аўтар шматлікіх прац па беларускім мовазнаўстве.

Арыштаваны 25 чэрвеня 1938 году ў справе «Контаррэвалюцыйнай арганізацыі палітссыльных у Саратаве». 31 сакавіка 1940 году на спэцыяльным пасяджэньні НКУС быў асуджаны на пяць гадоў ГУЛАГу. Памёр на наступны дзень у Саратаўскай турме, паводле афіцыйнае вэрсіі ад сухотаў. Паводле іншай крыніцы, быў застрэлены адразу па абвяшчэньні выраку.

Навуковая камісія Інстытуту беларускай культуры, 1922. Сядзяць зьлева направа: Я. Купала, А. Круталевіч, Я. Лёсік, С. Некрашэвіч, У. Чаржынскі, В. Шэмпель, М. Байкоў. Стаяць зьлева направа: 1, 2 - ?, 3 - Ч. Родзевіч, 4 - Я. Колас, 5 - К.М. Гадыцкі-Цьвірка, 6 - Я. Дыла.