Кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў 30 жніўня 2024 году прасіў свайго вугорскага калегу Пэтэра Сіярта паспрыяць выключэньню сястры алігарха Алішэра Ўсманава Гульбахор Ісмаілавай з санкцыйнага сьпісу ЭЗ, піша «Настоящее время». Гэта вынікае з аўдыёзапісу меркаванай размовы паміж Лаўровым і Сіярта, расшыфроўку якой апублікавалі выданьні The Insider, Frontstory, VSquare, Delfi Estonia і ICJK.
Лаўроў патэлефанаваў Сіярта прыкладна праз гадзіну пасьля таго, як кіраўнік МЗС Вугоршчыны прызямліўся ў Будапэшце пасьля візыту ў Расею. У размове прагучала імя Алішэра Ўсманава і пытаньне наконт ягонай сястры. На што Сіярта адказаў, што ўрад Вугоршчыны разам з урадам Славаччыны (Робэрт Фіца) ўнёс прапанову аб выключэньні яе са сьпісу.
Лаўроў падзякаваў Сіярта, пасьля гэтага, як піша VSquare, яны пагаварылі аб «агульнай пагардзе» да Эўрапейскага зьвязу, асабліва да краінаў з праўкраінскай пазыцыяй.
Празь сем месяцаў ЭЗ сапраўды зьняў санкцыі з Гульбахар Ісмаілавай. Вывесьці яе і шэраг іншых асоб з санкцыйнага сьпісу патрабавала Вугоршчына, пагражаючы накласьці вэта на падаўжэньне эўрапейскіх санкцый супраць Расеі. Разам з Гульбахар Ісмаілавай пад санкцыі пасьля пачатку паўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну трапіла яшчэ адна сястра Ўсманава — Саадат Нарзіева, але яе выключылі з санкцыйнага сьпісу ўжо да верасьня 2022 году, адзначае The Insider.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Пэтэр Сіярта, якога вінавацяць у перадачы закрытай эўрапейскай інфармацыі Расеі, наведваў і БеларусьЯк высьветлілі расьсьледнікі, Сіярта рэгулярна інфармаваў Лаўрова аб дэталях канфідэнцыйных перамоваў эўрапейскіх дыпляматаў.
У той жа размове з Лаўровым Сіярта раскрыў падрабязнасьці пасяджэньня Рады ў замежных справах ЭЗ ад 29 жніўня 2024 году. Сіярта перадаў Лаўрову свой дыялёг з тагачасным міністрам замежных спраў Літвы Габрыэлюсам Ландсбергісам, які гаварыў, што пакуль Вугоршчына і Славаччына купляюць нафту і газ у Расеі, 12% даходаў Масква ўкладае ў новыя ракеты і набоі. На што вугорац адказаў, што астатнія краіны Эўропы таксама фундуюць Расею, толькі купляючы расейскія энэрганосьбіты праз пасярэднікаў, такіх, як Індыя і Казахстан.
Ландсбэргіс пацьвердзіў расьсьледнікам, што такі абмен меркаваньнямі быў насамрэч.
«Падобна на тое, што ўвесь гэты час у Пуціна быў і да гэтага часу ёсьць „крот“ на ўсіх афіцыйных сустрэчах эўрапейцаў і NATO».
Літовец мяркуе, што Вугоршчыне трэба забараніць удзельнічаць у сустрэчах падобнага кшталту, каб інфармацыя не перацякала ў Маскву. Ён заявіў, што «ў кожным пакаленьні ёсьць Кім Філбі», прыгадаўшы высокага брытанскага афіцэра выведкі ХХ стагодзьдзя, які выявіўся маскоўскім (савецкім) шпіёнам.
«Мяркуючы па ўсім, Пэтэр Сіярта з энтузіязмам выконвае гэтую ролю», — дадаў Ландсбэргіс.
У іншай тэлефоннай размове Сіярта паведаміў намесьніку міністра энэргетыкі Расеі Паўлу Сарокіну, што ён робіць усё магчымае, каб скасаваць пакет санкцый ЭЗ, накіраваны супраць расейскага «ценевага флёту».
Пры гэтым у размове ад 30 чэрвеня 2025 году кіраўнік міністар замежных спраў Вугоршчыны панаракаў, што ЭЗ не паказаў яму дакумэнтаў, якія датычацца ўвядзеньня санкцый супраць кампаніі 2Rivers Group — кампаніі з ААЭ, якая, згодна з інфармацыяй ЭЗ, актыўна займаецца пастаўкамі і экспартам расейскай нафты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
ЭЗ ня змог зацьвердзіць 20-ы пакет санкцый, які прадугледжвае абмежаваньні і ў дачыненьні да БеларусіКіраўнік вугорскага ўраду Віктар Орбан назваў матэрыялы праслухоўваньня размоў Сіярта «нападам» на сваю краіну. Ён нават заявіў, што вугорскае Міністэрства юстыцыі ўжо займаецца справай.
Аб магчымай гутарцы Сіярта і Лаўрова стала вядома пасьля публікацыі расшыфроўкі размовы вугорскім журналістам Сабальчам Паньі. Ён паведаміў, што запіс быў зроблены выведкай адной з краін Эўразьвязу, не ўдакладніўшы, якой менавіта.
У лютым 2026 году Вугоршчына заблякавала 20-ы пакет санкцый Эўразьвязу і вайсковы крэдыт Украіне на 90 млрд эўра. Сіярта тады заявіў, што Будапэшт перагледзіць сваю пазыцыю толькі тады, калі Ўкраіна адновіць пастаўкі нафты нафтаводам «Дружба».
Выданьне Politico пісала, што ў Эўразьвязе тым часам абмяркоўваюцца магчымыя пляны зьмены сыстэмы галасаваньня, у выпадку, калі партыя дзейнага прэм’ер-міністра Вугоршчыны Віктара Орбана пераможа на выбарах 12 красавіка. Паводле словаў эўрапейскіх дыпляматаў, гэтыя зьмены павінны дапамагчы пазьбягаць блякаваньня або залішняга зацягваньня рашэньняў, якія прымаюцца на галасаваньнях.