Дарадца прэзыдэнта Літвы: весьці дыялёг зь Беларусьсю без папярэдніх умоў немагчыма

На беларуска-літоўскай мяжы. Ілюстрацыйнае фота

Галоўная дарадца прэзыдэнта Літвы ў пытаньнях вонкавай палітыкі Аста Скайгірыце мяркуе, што Літве складана будзе весьці дыялёг зь Беларусьсю без папярэдніх умоў праз гісторыю двухбаковых дачыненьняў.

«Амэрыканскія перамоўнікі кажуць, што лепш было б мець зносіны без папярэдніх установак. Магчыма, для каго-небудзь гэта і і рэальна, але ў нашым выпадку гэта складана, паколькі нас ёсьць свая гісторыя дачыненьняў. Таму размаўляць без папярэдніх умоў у нас ня вельмі выходзіць», — сказала Аста Скайгірыце ў эфіры радыёстанцыі Ziniu radijas, паведаміла агенцтва BNS.

Такім чынам дарадца пракамэнтавала агучаны ў інтэрвію тэлеканалу LRT заклік спэцыяльнага пасланьніка ЗША для Беларусі Джона Коўла да Літвы правесьці двухбаковую палітычную сустрэчу зь Беларусьсю і аднавіць транзыт угнаеньняў.

Паводле Скайгірыце, магчымасьці такога дыялёгу толькі ўскладняюцца праз павелічэньне выпадкаў спробаў незаконнага перасячэньня мяжы мігрантамі з боку Беларусі, а таксама запускамі кантрабандных балёнаў.

«Сапраўды складана ўявіць імкненьне да дыялёгу, калі працягваюць ажыцьцяўляцца гэтыя, не пабаюся гэтага слова, гібрыдныя атакі. [...] Пакуль ажыцьцяўляюцца гэтыя дзеяньні, Літва знаходзіцца ў абарончай пазыцыі, таму і размаўляць няма пра што», — адзначыла яна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Літве зноў зафіксавалі кантрабандныя балёны і разьвярнулі на мяжы рэкордна шмат з пачатку году мігрантаў зь Беларусі

Дарадца прэзыдэнта Літвы дадала, што перамовы зь Беларусьсю на тэхнічным узроўні адбываюцца.

У той жа час Аста Скайгірыце адзначыла, што аднавіць транзыт беларускіх угнаеньняў празь Літву немагчыма, паколькі сёлета ў лютым Эўразьвяз яшчэ на года прадоўжыў уведзеныя супраць Менску санкцыі.

На пытаньне, ці адчувае Літва ціск з боку ЗША, яна адказала: «Адказ прамы — не адчувае».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Коўл заклікаў Вільню да дыялёгу зь Менскам і аднаўленьня транзыту ўгнаеньняў празь Літву

Некалькі дзён таму спэцыяльны пасланьнік ЗША для Беларусі Джон Коўл у інтэрвію літоўскаму нацыянальнаму трансьлятару LRT заклікаў Літву правесьці двухбаковую палітычную сустрэчу зь Менскам і аднавіць транзыт беларускіх угнаеньняў.

«Так, я лічу, што гэта неабходна... Трэба сесьці і размаўляць. Калі не атрымліваецца, тады ўстаеш і сыходзіш. Але я спадзяюся, што Літва пагодзіцца на двухбаковы дыялёг на ўзроўні віцэ-міністраў замежных справаў. Трэба ўхіліць перашкоды, якія замінаюць жыцьцю па абодва бакі мяжы», — заявіў Коўл.

Прадстаўнік ЗША падкрэсьліў, што аднаўленьне транзыту ўгнаеньняў празь Літву адпавядае інтарэсам Вашынгтону.