Законапраект прыняты ў трэцім, канчатковым чытаньні, за яго прагаласавалі 62 дэпутаты, уключаючы прэм’ер-міністра Біньяміна Нэтаньягу, супраць былі 48.
Законапраект прасоўваў міністар нацыянальнай бясьпекі Ітамар Бен-Гвір і яго вельмі правая партыя «Оцма Ехудзіт». Ініцыятыва прадугледжвае, што прызнаны вінаватым у наўмысным забойстве чалавека падчас тэрарыстычнага акту, павінен быць прысуджаны да сьмяротнага пакараньня праз павешаньне.
Судзьдзя пры вынясеньні рашэньня зможа выбраць паміж сьмяротным пакараньнем і пажыцьцёвым зьняволеньнем, але для жыхароў Заходняга берага ракі Ярдан прадугледжана толькі пакараньне сьмерцю. Права на абскарджаньне прыгавору захоўваецца.
Ініцыятыву крытыкавала апазыцыя, называючы яе піярам на крыві, а таксама шэраг праваабарончых арганізацый.
Сьмяротнае пакараньне ёсьць у заканадаўстве Ізраіля, аднак прысуды прыводзіліся ў выкананьне ўсяго двойчы за ўсю яго гісторыю. Апошнім пакараным быў нацысцкі ваенны злачынец Адольф Эйхман, якога называлі «архітэктарам Галакосту», ён быў павешаны больш за 60 гадоў таму — у 1962 годзе. Цяпер асуджаныя за тэрарызм як правіла адбываюць пажыцьцёвае зьняволеньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь трапіла ў пералік краін, дзе летась выносілі сьмяротныя прысуды