«Ня жэст добрай волі, а працяг рэпрэсій», — каманда Ціханоўскай пра сытуацыю з ануляванымі пашпартамі былых палітвязьняў

Вольга Зазулінская, прадстаўніца АПК

Прадстаўнікі Аб’яднанага пераходнага кабінэта і офіса Сьвятланы Ціханоўскай пракамэнтавалі інфармацыю пра ануляваньне пашпартоў былых палітвязьняў, якіх пасьля вызваленьня выдварылі з Беларусі. Яны лічаць гэта працягам рэпрэсій, ужо па-за межамі краіны:

«Гэта яшчэ раз паказвае: гаворка не пра „гуманнасьць“ або „жэсты добрай волі“, якія спрабуе дэманстраваць рэжым Аляксандр Лукашэнка. Гэта працяг рэпрэсій — проста ў іншай форме і ўжо за межамі краіны», лічыць прадстаўніца АПК па сацыяльнай палітыцы Вольга Зазулінская:

Паводле Зазулінскай, сытуацыя выглядае як пасьлядоўная схема ціску: людзей спачатку незаконна пазбаўляюць волі, потым прымусова вывозяць з краіны, а цяпер фактычна пазбаўляюць дакумэнтаў. Яна падкрэсьліла, што частка вызваленых і раней ня мела пашпартоў, а цяпер іх губляюць нават тыя, у каго яны былі.

Првдстаўніца АПК зьвярнула ўвагу на сур’ёзныя наступствы такога рашэньня: праблемы з легалізацыяй, доступам да працы, жыльля і базавых паслуг, а таксама неабходнасьць тэрмінова атрымліваць альтэрнатыўныя праязныя дакумэнты. Без іх людзі абмежаваныя ў перамяшчэньні і становяцца ўразьлівымі з прававога пункту гледжаньня.

Яна таксама паведаміла, што гэтае пытаньне ўжо абмяркоўваецца з міжнароднымі партнэрамі, у тым ліку з уладамі Літва, Польшча і прадстаўнікамі ЗША. Паводле яе слоў, неабходна тэрмінова выпрацаваць мэханізмы выдачы альтэрнатыўных дакумэнтаў, каб людзі не заставаліся ў «прававым вакуўме».

Дарадца Сьвятланы Ціханоўская ў прававых пытаньнях Леанід Марозаў патлумачыў, што прызнаньне пашпартоў несапраўднымі нават пры дзеючым тэрміне іх дзеяньня фактычна пазбаўляе гэтыя дакумэнты юрыдычнай сілы.

Паводле яго, у такой сытуацыі людзі вымушаныя абапірацца не на нацыянальныя дакумэнты, а на рашэньні краін, якія іх прымаюць, і працэдуры выдачы альтэрнатыўных праязных дакумэнтаў для пацьвярджэньня асобы і прававога статусу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітвязьням, якіх вывезьлі зь Беларусі з пашпартамі, анулявалі дакумэнты. Пагаварылі зь імі