Літве і Эўропе варта таргавацца з Трампам наконт транзыту беларускіх угнаеньняў, — палітоляг Пянькоўскі

Порт у Клайпедзе

Амэрыканіст, дарадца Агенцтва эўраатлянтычнага супрацоўніцтва Антон Пянькоўскі ў праграме «Палітыка зь Юрыем Дракахрустам» адказаў на пытаньні, ці быў ціск ЗША на Лукашэнку і ці будуць яны ціснуць на Літву.

Пост Дональда Трампа з падзякай Аляксандру Лукашэнку і запрашэньнем яго на саміт Рады міру стаў своеасаблівым рэзюмэ да візыту спэцыяльнага пасланьніка ЗША Джона Коўла ў Менск. Адным з галоўных вынікаў перамоваў Коўла стала вызваленьне 250 палітычных вязьняў. Важнай навацыяй стала тое, што 235 зь іх атрымалі магчымасьць застацца ў Беларусі, а ня быць высланымі з краіны.

На думку Антона Пянькоўскага, першыя вызваленьні палітвязьняў летась не давалі падставаў думаць, што амэрыканцы былі катэгарычна супраць іх дэпартацыі. ЗША, мяркуе ён, лічылі вываз людзей у бясьпечныя краіны найбольш бясьпечным варыянтам для іх саміх. Тыя, хто застаецца ў Беларусі, сутыкаюцца з жорсткім наглядам, забаронай на адкрыцьцё банкаўскіх рахункаў, на куплю SIM-картаў і шмат зь якімі іншымі абмежаваньнямі.

Аднак пазьней Злучаныя Штаты прыслухаліся да аргумэнтаў беларускай грамадзянскай супольнасьці ў выгнаньні, лічыць Пянькоўскі. Было даведзена, што дэпартацыі незаконныя і што дзясяткі вызваленых жадаюць застацца на радзіме. Гэтыя аргумэнты прывялі да адаптацыі перамоўнага трэку — ЗША пачалі выказваць пажаданьне, каб людзям пакідалі магчымасьць заставацца ў Беларусі. Палітоляг ня згодны з тэзісам, што ЗША прымусілі Лукашэнку даць магчымасьць былым вязьням застацца ў Беларусі. Ён падкрэсьліў, што Джон Коўл адзначыў складанасьць перамоваў у гэтым пытаньні, але не гаварыў пра ціск.

На думку Пянькоўскага, для амэрыканцаў гэтае пытаньне не было надзвычай прынцыповым — яно ўскладніла перамовы, але ня стала падставай для жорсткага ўзьдзеяньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Транзыт калію і палітычныя кантакты: як Вашынгтон і Вільня разышліся ў беларускім пытаньні. Аналіз Дракахруста

У інтэрвію літоўскаму тэлеканалу LRT Коўл публічна заклікаў Літву ўступіць у палітычны дыялёг з беларускім бокам і адкрыць транзыт беларускіх калійных угнаеньняў празь літоўскія парты. Літоўскія кіраўнікі (прэзыдэнт Гітанас Наўседа і прэм’ерка Інга Ругінене) адмовіліся гэта рабіць. Пянькоўскі лічыць, што амэрыканцы ўжо актыўна працуюць над гэтым пытаньнем. Ён нагадаў, што яшчэ перад візытам у Менск Коўл сустракаўся ў Вільні ня толькі з кіраўніцтвам краіны, але і з прадстаўнікамі іншых палітычных сілаў, больш ляяльных да пазыцыі Вашынгтону адносна Беларусі.

Дарадца Агенцтва эўраатлянтычнага супрацоўніцтва падкрэсьліў, што ёсьць шлях транзыту беларускіх угнаеньняў праз расейскія парты, але ЗША ня хочуць павялічваць залежнасьць ад расейскай лягістыкі. Ім патрэбныя беларускія ўгнаеньні, асабліва падчас вайны на Блізкім Усходзе і напружаных адносінаў з Канадай — найбуйнейшым пастаўніком такіх угнаеньняў, сказаў Пянькоўскі. Магчымы варыянт —каб Літва дазволіла транзыт толькі для экспарту ў ЗША.

Палітоляг мяркуе, што калі вайна на Блізкім Усходзе зацягнецца і пытаньне калійных угнаеньняў набудзе стратэгічнае значэньне для ЗША, Вашынгтон можа ўжыць больш жорсткія інструмэнты ўзьдзеяньня на Эўропу і Літву. Аднак Пянькоўскі лічыць, што эўрапейскія палітыкі могуць выкарыстаць гэтую сытуацыю ў стылі самога Трампа — прапанаваць яму ўгоду, пайсьці на саступкі яму ў пытаньні транзыту беларускіх угнаеньняў у абмен на пашырэньне вайсковай дапамогі Ўкраіне або на іншыя крокі, важныя для абароны Эўропы ад расейскай пагрозы.