Як адрэагавала Міжнародная арганізацыя працы на адмову ўладаў Беларусі вярнуць пашпарты і пэнсіі Ярашуку і Фядынічу

Ілюстрацыйнае фота

Урад Беларусі зноў не прадаставіў новай інфармацыі аб мерах, прынятых для выкананьня рэкамэндацый Міжнароднай арганізацыі працы (МАП).

Пра гэта гаворыцца ў заяве, прынятай на 356-й сэсіі Адміністрацыйнага савету МАП па выніках разгляду сытуацыі ў Беларусі ў рамках артыкула 33 Статута арганізацыі.

Адміністрацыйны савет заклікаў Менск «перагледзець пазыцыю» і пачаць супрацоўнічаць са спэцыяльным пасланьнікам арганізацыі.

У МАП «з крайняй занепакоенасьцю» адзначылі адмову ўладаў Беларусі вярнуць былому старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП), экс-палітвязьню Аляксандру Ярашуку і былому кіраўніку прафсаюзу РЭП, экс-палітвязьню Генадзю Фядынічу іх канфіскаваныя пашпарты. Там настойліва заклікалі таксама аднавіць выплату іх пэнсій «без далейшых затрымак».

МАП «зноў настойліва запатрабавала» ад уладаў у Менску «у тэрміновым парадку» пагадзіцца на міжнародную гуманітарную місію «з мэтай забесьпячэньня магчымасьці незалежным лекарам» наведваць усіх зьняволеных прафсаюзных актывістаў для ацэнкі стану іх здароўя і аказаньня неабходнай мэдыцынскай дапамогі. Таксама ў заяве выкладзены заклік дапусьціць у краіну трохбаковую місію МАП для «ацэнкі сытуацыі і наведваньня прафсаюзных актывістаў, якія знаходзяцца ў турмах або пад вартай».

Акрамя гэтага, у арганізацыі заклікалі Менск «прадставіць усю інфармацыю аб канкрэтных кроках, зробленых у гэтым кірунку пасьля 356-й сэсіі Адміністрацыйнага савета, да 21 верасьня 2026 года для перадачы Адміністрацыйнаму савету на яго 358-й сэсіі (лістапад 2026 года)».

Спэцыяльнаму пасланьніку і генэральнаму дырэктару МАП даручана прадставіць даклады па Беларусі на 358-й сэсіі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аляксандар Ярашук просіць МАП падтрымаць рэпрэсаваных прафсаюзных актывістаў у Беларусі

ЭЗ, рэагуючы на дадзеную заяву МАП, выказаў «глыбокую занепакоенасьць» паведамленьнямі аб палітычным ціску на бізнэс і працадаўцаў, якія падтрымалі ў 2020 годзе мірныя пратэсты або выказваліся аб парушэньнях правоў чалавека ў Беларусі.

ЭЗ Мінск «канструктыўна ўзаемадзейнічаць» са спэцпасланьнікам МАП, «у тым ліку прадаставіўшы яму поўны і бесперашкодны доступ, неабходны для выкананьня яго мандата», а МАП і спэцпасланьніка — працягваць цеснае супрацоўніцтва зь іншымі ўстановамі і мэханізмамі ААН для забесьпячэньня «ўзгодненых і эфэктыўных міжнародных дзеяньняў».

  • У чэрвені 2023 года на 111-й сэсіі Міжнароднай арганізацыі працы была прынятая рэзалюцыя па Беларусі з ужываньнем артыкула 33 Статута. МАП афіцыйна прызнала, што Беларусь сыстэматычна не выконвае рэкамэндацыі Камісіі па расьсьледаваньні (па свабодзе аб’яднання і правах прафсаюзаў — Канвэнцыі № 87 і № 98).
  • Ірына Касьцевіч, якая займала тады пасаду міністра працы і сацыяльнай абароны, камэнтуючы дакумэнт, заявіла, што мэта «калектыўнага Захаду», які ініцыяваў прымяненьне ў дачыненьні да Беларусі артыкула 33 Статута МАП, заключаецца ў апраўданьні «незаконных і несправядлівых санкцый» і наданьні ім «статусу нібыта легітымных дзеяньняў».
  • За ўсю гісторыю МАП артыкул 33 ужываўся адзін раз: у 2001 годзе супраць М’янмы.