Хроніка перасьледу 30 сакавіка. «Экстрэмісцкім» у Беларусі прызналі сайт BBC, на якім некалькі разоў выходзілі інтэрвію з Лукашэнкам

Інтэрвію Лукашэнкі журналісту BBC Стыву Розэнбэргу. 23 кастрычніка 2024 году.

Суд Ленінскага раёна Магілёва прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» кантэнт інтэрнэт-партала брытанскай мэдыякарпарацыі BBC.

У адпаведны сьпіс Міністэрства інфармацыі ўключаны сайт «BBC News Руская служба», пры гэтым у якасьці ідэнтыфікатара ў пераліку ўказаны галаўны партал мэдыя bbc.com.

Адметна, што пасьля падзей 2020 года Аляксандар Лукашэнка даў некалькі інтэрвію журналісту BBC Стыву Розэнбэргу, які валодае расейскай мовай.

Адна з размоваў адбылася ў лістападзе 2021 году.

У інтэрвію «Бі-бі-сі» 23 кастрычніка 2024 года ў Казані (РФ), дзе праходзіў саміт БРІКС, Лукашэнка сярод іншага заявіў пра гатоўнасьць разгледзець прашэньне аб памілаваньні палітзьняволенай Марыі Калесьнікавай.

Фрагмэнты інтэрвію актыўна цытавалі як беларускія дзяржаўныя СМІ, так і прэс-служба Лукашэнкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналіст BBC, які браў інтэрвію ў Лукашэнкі, заграў «Купалінку»

За тыдзень у сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў дадалі 30 рэсурсаў

  1. БЕЛАРУСКI ФРОНТ. АБАРОНА КУРАПАТАУ (Facebook)
  2. БХД | Беларуская Хрысцiянская Дэмакратыя (Facebook)
  3. ВВС NEWS РУССКАЯ СЛУЖБА (Сайт)
  4. Вечаровы Кефiр / Vecharovy Kefir (TikTok, YouTube)
  5. НАРОДНЫЯ АМБАСАДЫ БЕЛАРУСI (Сайт)
  6. Не Беглый (Telegram)
  7. Новая газета Европа (Сайт)
  8. Площадь Перемен. Минск (Facebook)
  9. Ранiца з Белсатам / ranica_show (Instagram)
  10. РУПАР БДМУ // РУПОР БГМУ / ruparbdmu (Instagram)
  11. Супер Мова (Telegram)
  12. Филфот (Telegram)
  13. Филфот | Библиотека (Telegram)
  14. Филфот | Искусство (Telegram)
  15. Чат 4.0 (Telegram)
  16. Belarusian in Las Vegas (Facebook)
  17. BISS. Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў (Сайт)
  18. Dzimitriy Pimenau (Facebook)
  19. Ewige Wahrheit (Telegram)
  20. Kamarouka (Сайт і сацыяльныя сеткі)
  21. let_nasta_be — Наста Лойка | Nasta Lojka (Instagram)
  22. liauchuk_al (Threads)
  23. nasta.bazar (Instagram)
  24. pink_scarves (Instagram)
  25. releasenow_by — Release: NOW (Instagram)
  26. Talaka - Venner af Belarus i Danmark (Facebook)
  27. VATERLAND (Telegram)
  28. vitali.kmit (TikTok)
  29. Weibes Vaterland (Telegram)
  30. yuliya_warszawa (Instagram)
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заявіў, што гатовы разгледзець зварот Калесьнікавай аб памілаваньні, але «ня варта яе вылучаць, калі там сядзіць мільён»

Праваабаронцы прызналі палітвязьнямі яшчэ 6 чалавек

  1. Жанна Аўрамчык асуджана па арт. 369 КК па абвінавачаньні ў абразе прадстаўніка ўлады да пазбаўленьня волі ў папраўчай калёніі;
  2. Арцём Бацішчаў асуджаны па арт. 369 КК па абвінавачаньні ў абразе прадстаўніка ўлады да двух гадоў абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову, адбывае пакараньне;
  3. Аксана Вальковіч асуджаная па арт. 369, 368 КК па абвінавачаньні ў абразе прадстаўніка ўлады і А. Лукашэнкі да пазбаўленьня волі ў папраўчай калёніі;
  4. Дзьмітры Каліноўскі асуджаны па арт. 361 Крымінальнага кодэкса па абвінавачаньні ў "закліках да незаконных дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь" да пазбаўленьня волі ў папраўчай калёніі;
  5. Аляксандар Кармановіч асуджаны па арт. 368 КК па абвінавачаньні ў абразе А. Лукашэнкі да двух гадоў абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову, адбывае пакараньне;
  6. Аляксандар Піўчук асуджаны па арт. 370, 369, 368, 367 КК па абвінавачаньні ў зьдзеку зь дзяржаўных сымбаляў, абразе прадстаўніка ўлады, А. Лукашэнкі і паклёпе на яго да абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову, адбывае пакараньне.

Цяпер у Беларусі 913 палітычных вязьняў, пра якіх ведаюць праваабаронцы «Вясны».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Флёрыда адмяняецца? Што азначае допіс Трампа пра Беларусь