Беларуска-армянскі бізнэсовец, які фінансуе рэжым Лукашэнкі, разьвівае свой бізнэс у Літве

Крама бязмытнага гандлю ў Нацыянальным аэрапорце Менск. Ілюстрацыйнае фота

Журналісты літоўскага выданьня LRT апублікавалі вынікі свайго расьсьледаваньня.

Бізнэсовец Артур Гранц, які мае грамадзянства Беларусі і Армэніі і інвэставаў у разьвіцьцё сэгмэнту бязмытнага гандлю на беларускай тэрыторыі, бесьперашкодна разьвівае бізнэс і ў Літве.

Згодна з вынікамі расьсьледаваньня выданьня LRT, ён валодае адным з самых дарагіх рэстаранаў у Вільні HeJi і раскошным гатэлем Esperanza Resort у Тракаі, а ў Беларусі ягоныя партнэры зьяўляюцца даверанымі асобамі Аляксандра Лукашэнкі. Менавіта праз Кіраўніцтва спраў Лукашэнкі Гранц кіруе сеткай крамаў бязмытнага гандлю, якая штогод прыносіць мільёны эўра.

Апроч таго, Артур Гранц разам з сваёй сям’ёй кіруе раскошнымі ўстановамі грамадзкага харчаваньня ў Літве, а таксама мае бізнэс у Латвіі і ва Ўкраіне, дзе ён набыў часопіс Forbes і таксама разьвівае сетку крам бязмытнага гандлю.

Згодна з журналісцкім расьсьледаваньнем, літоўская кампанія Гранца Mello trading валодае Belamarket Duty Free у Беларусі, у якой 50,1 % гэтай сеткі належыць кампаніі Гранца Mello trading, а астатняй кіруе дзяржаўнае беларускае прадпрыемства «Dipmarket».

Кампаніі Belamarket Duty Free належыць больш за 30 крамаў у Беларусі на мяжы Літвы, Латвіі, Польшчы і Ўкраіны, а таксама крама ў аэрапорце Менску. Паводле зьвестак партнэраў LRT, у 2024 годзе выручка кампаніі дасягнула амаль 17 мільёнаў эўра, прыбытак — 2 мільёны.

«Нядзіўна, што Лукашэнка мае асабістую зацікаўленасьць у бязмытным бізнэсе. Крамы бязмытнага гандлю часта зьяўляюцца прынадным кавалачкам для ўсходніх бізнэсоўцаў і лідэраў аўтарытарных рэжымаў, якія могуць набіваць свае кішэні продажам алькаголю, тытуню і прадметаў раскошы», — піша выданьне.

Паводле расьсьледнікаў, Лукашэнка кантралюе крамы бязмытнага гандлю амаль 20 гадоў. З 2008 году ён стварыў манаполію на тавары бязмытнага гандлю і надаў эксклюзіўныя правы на працу на рынку некалькім кампаніям сваімі ўказамі, у тым ліку Dipmarket, MarketLiga і Helena Valery. Адной з галоўных умоў адкрыцьця крам бязмытнага гандлю з 2008 году было тое, што апэратар будзе штоквартальна плаціць 10 % ад свайго абароту ў дзяржаўную казну.

У 2015 годзе кампанія Гранца Belamarket Duty Free атрымала эксклюзіўныя правы на продаж бязмытнага алькаголю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ва Ўкраіне актывісты патрабуюць расьсьледаваць дзейнасьць беларускага «караля кантрабанды»

Як раней паведамляла Свабода, у 2024 годзе ўкраінская грамадзкая арганізацыя «НОН-СТОП» спрабавала праз суд дабіцца завядзеньня крымінальнай справы супраць Артура Гранца за незаконны гандаль цыгарэтамі і алькаголем. Паводле актывістаў, бізнэсовец за час поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны стаў «адзіным лідэрам продажу цыгарэт праз сыстэмы Duty Free». Арганізацыя назвала яго «каралём кантрабанды».

Ва Ўкраіне беларус Артур Гранц пражываў на падставе дазволу на жыхарства, але ў 2021 годзе выехаў з Украіны ў Гішпанію, дзе мае нерухомасьць.