Запасны маршрут: як Саудаўская Арабія ратуе нафтавы рынак

Закрытыя заправачныя станцыі, ілюстрацыйнае фота

Саудаўская Арабія вывела на поўную магутнасьць свой ключавы нафтаправод, які дазваляе абыходзіць Армускі праліў. Паводле крыніцаў у нафтавай галіне, цяпер праз яго перакачваецца да 7 мільёнаў барэляў нафты штодня, піша Bloomberg.

Гэта стала важным этапам у даўняй стратэгіі каралеўства — захаваць экспарт нафты нават у выпадку блякаваньня асноўнага маршруту праз Армускі праліў, які раней быў адным з ключавых у сьвеце.

Нафта ідзе праз Чырвонае мора

Цяпер значная частка саудаўскай нафты перанакіроўваецца ў порт Янбу на ўзьбярэжжы Чырвонага мора. Менавіта адтуль танкеры забіраюць сыравіну, што дазваляе часткова кампэнсаваць страты ад спыненьня паставак праз Армуз. Экспарт сырой нафты праз Янбу дасягнуў каля 5 мільёнаў барэляў у дзень. Дадаткова краіна пастаўляе яшчэ ад 700 да 900 тысяч барэляў нафтапрадуктаў. Пры гэтым каля 2 мільёнаў барэляў з агульнага патоку па нафтаправодзе ідзе на ўнутраныя саудаўскія нафтаперапрацоўчыя заводы.

Пра задзейнічаньне запаснога маршруту паведаміў у Фэйсбуку і Міністар фінансаў Саудаўскай Арабіі. У ягоным пасьце можна пабачыць схему: адкуль і куды вядзе нафтаправод.

Нягледзячы на актывізацыю альтэрнатыўнага маршруту, ён пакуль ня здольны цалкам замяніць Армускі праліў. Да канфлікту празь яго штодня праходзіла каля 15 мільёнаў барэляў нафты. Аднак нават частковая кампэнсацыя паставак дапамагла стрымаць рост цэнаў на нафту і не дапусьціць крытычнага скачка, як гэта адбывалася падчас папярэдніх энэргетычных крызісаў.

Дадатковую занепакоенасьць выклікае магчымасьць пашырэньня канфлікту. Паўстанцы-хусіты з Емэну заявілі пра гатоўнасьць далучыцца да вайны. Пакуль няма прыкметаў, што яны будуць атакаваць танкеры ў Чырвоным моры або ў праліве Баб-эль-Мандэб, аднак раней яны ўжо пагражалі суднаходзтву ў гэтым рэгіёне з выкарыстаньнем дронаў і ракет, нагадвае Bloomberg.

Пляны, што рыхтавалі дзесяцігодзьдзямі

Саудаўская Арабія доўгі час рыхтавалася да сцэнару блякады Армускага праліву. Гэтыя пляны былі актываваныя літаральна празь некалькі гадзінаў пасьля першых удараў ЗША і Ізраілю па Іране.

Нафтаправод працягласьцю больш за 1000 кілямэтраў злучае ўсходнія радовішчы краіны з портам Янбу на захадзе. Яго стварэньне пачалося яшчэ ў 1980-я гады на фоне вайны паміж Іранам і Іракам, калі танкеры ў Армускім праліве таксама падвяргаліся атакам.

Сёньня гэты маршрут стаў адной з ключавых артэрый, якая дазваляе часткова стабілізаваць сусьветны нафтавы рынак на тле новай эскаляцыі ў рэгіёне.

Цяпер іранцы прапускаюць праз Армускі праліў толькі ўласныя судны, а таксама экіпажы Кітаю, Расеі, Індыі, Іраку, Пакістану і, ад нядаўняга часу, Малайзіі.