Віцэ-міністар замежных справаў Польшчы Ўладзіслаў Тэафіл Барташэўскі заявіў, што вольная Эўропа немагчымая бяз вольнай Беларусі і запэўніў, што Польшча будзе супрацьстаяць неаімпэрскім амбіцыям Расеі.
«Дэмакратычнае разьвіцьцё Беларусі мае для Польшчы, для нашага рэгіёну і Эўропы фундамэнтальнае значэньне», — працытавала віцэ-міністра замежных спраў Польшчы выданьне «Позірк».
«Мы ня хочам мець Лукашэнку ў Беларусі. Мы ня хочам мець расейцаў у Беларусі. Мы хочам мець свабодных беларусаў, якія ўвойдуць у Эўрапейскі Зьвяз і зь якімі мы будзем мець нармальныя міждзяржаўныя дачыненьні», — адзначыў Уладзіслаў Тэафіл Барташэўскі.
Паводле яго, беларусы маюць сяброў у Польшчы, а таксама сваіх прадстаўнікоў у выглядзе АПК, які паказвае кірунак руху.
«І тым кірункам вы мусіце ўсе ісьці, не разыходзіцца па баках, нават калі не з усім пагаджаецеся. Але мусіце ісьці ў тым кірунку, а потым, калі будзеце вольныя, зробіце выбары і будзеце спрачацца, але будзеце ў сябе ўдома», — сказаў Уладзіслаў Тэафіл Барташэўскі, паведаміў Telegram-канал АПК.
27 сакавіка Уладзіслаў Тэафіл Барташэўскі ад імя Міністэрства замежных спраў Польшчы ўзяў удзел у сьвяткаваньні Дня Волі, які польскі бок арганізаваў супольна з Аб’яднаным пераходным кабінэтам. Яны адбыліся ў Музычным унівэрсытэце імя Шапэна ў Варшаве.
Прадстаўнік МЗС Польшчы дадаў, Польшча чакала адраджэньня незалежнасьці 123 гады — і ўсё роўна дачакалася. «Так, ужо прайшло амаль 6 гадоў (пасьля масавых акцый пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў. — РС), але ёсьць сьвятло. Вы маеце прадстаўнікоў, якія дзейнічаюць вельмі спраўна і робяць асноўную рэч — аб’ядноўваюць беларускую эміграцыю», — адзначыў ён.
Сьвятлана Ціханоўская, у сваю чаргу, адзначыла, што беларуская незалежнасьць ніколі не давалася лёгка — і зноў пад пагрозай. «Вораг у нас той жа самы. Але мы ўжо навучаныя, і сваю незалежнасьць нікому не аддамо», — сказала яна.
Яна мяркуе, што беларусы нават унутры краіны знаходзяць спосабы адзначыць Дзень Волі, у тым ліку, размаўляючы па-беларуску, што стала формай пратэсту.
На ўрачыстасьцях прывіталі вызваленых палітзьняволеных, якія прысутнічалі ў залі — Марыю Калесьнікаву, Марыну Золатаву, Кацярыну Андрэеву, Ірыну Слаўнікаву. Сьвятлана Ціханоўская заклікала не спыняцца ў змаганьні за тых, хто яшчэ за кратамі, — у тым ліку за Анджэя Пачобута, арыштаванага пяць гадоў таму.
Цырымонія ўзнагароджаньня ў часе ўрачыстасьцяў да Дня Волі ў Варшаве
У Музэі Вольнай Беларусі ў Варшаве Сьвятлана Ціханоўская ўручыла мэдалі АПК выбітным дзеячам беларускай грамадзянскай супольнасьці і культуры.
Мэдалём Францыска Скарыны ўзнагародзілі навукоўца і грамадзка-палітычнага дзеяча, канцлер Беларускага вольнага ўнівэрсытэту Аляксандра Мілінкевіча. Узнагароду прымала яго жонка Іна Кулей — сам Мілінкевіч перанёс цяжкую апэрацыю.
Мэдаль «За плённую працу на карысьць Беларусі» атрымаў стваральнік Telegram-каналу Nexta Сьцяпан Пуціла.
Сярод іншых узнагароджаных — пісьменьніца Сьвятлана Курс (Ева Вежнавец), актрыса Крысьціна Дробыш і актор Ігар Сігоў (мэдаль перадлі яго жонцы Валерыі). Асобна ўзнагародай пасьмяротна адзначылі журналіста і блогера Мікіту Мелказёрава.
«Ягоны нечаканы і несправядлівы сыход усіх нас шакаваў. Але выклікае захапленьне, колькі ён пасьпеў як журналіст і папулярызатар беларушчыны», — сказала Сьвятлана Ціханоўская.
Шэсьце, барабаны і зьнічы. Як прайшоў Дзень Волі ў Вільні. Фотарэпартаж