Аўстрыя прапануе забараніць сацыяльныя сеткі дзецям да 14 гадоў

Улады Аўстрыі абвясьцілі пра плян забараніць сацыяльныя сеткі для дзяцей ва ўзросьце да 14 гадоў.

Як паведамляе BBC, гэта адбылося пасьля працяглых перамоваў у рамках трохпартыйнага кааліцыйнага ўраду пад кіраўніцтвам кансэрватараў, але пакуль незразумела, як і калі забарона будзе ўведзена.

Абвяшчаючы пра плян, віцэ-канцлер Андрэас Баблер, прадстаўнік сацыял-дэмакратаў, заявіў, што ўрад ня можа стаяць склаўшы рукі і назіраць, як сацыяльныя сеткі робяць дзяцей «залежнымі, а часта таксама хворымі».

Ён заявіў, што да гэтай праблемы трэба ставіцца гэтак жа, як да алькаголю ці тытуню: «У лічбавым сьвеце таксама павінны быць выразныя правілы».

У будучыні, сказаў Баблер, дзеці ва ўзросьце да 14 гадоў будуць абаронены ад альгарытмаў, якія выклікаюць залежнасьць.

25 сакавіка журы прысяжных у ЗША вырашыла, што два гіганты сацыяльных сетак, Meta і Google, наўмысна стварылі альгарытмы, якія выклікаюць залежнасьць і шкодзяць псыхічнаму здароўю маладых людзей.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У амэрыканскім судзе Meta і Google прызналі адказнымі за дзіцячую залежнасьць ад сацсетак