Невядомыя кінулі «кактэйлі Молатава» ў «Русский дом» у Празе

«Русский дом» увечары 26 сакавіка, фота чэскай паліцыі

У Празе ўвечары 26 сакавіка невядомыя кінулі некалькі бутэлек з лёгкаўзгаральным рэчывам у будынак Расейскага цэнтру навукі і культуры (так званы «Русский дом»). Пра гэта паведаміла чэская паліцыя, а таксама кіраўнік установы.

Мяркуючы па апублікаваных фатаздымках, будынак атрымаў нязначныя пашкоджаньні — разьбілася шыба, узьнік пажар, які быў патушаны.

Паліцыя абвясьціла, што пачала крымінальную справу па артыкуле аб пашкоджаньні чужой маёмасьці і шукае зламысьніка.

Кіраўнік расейскага цэнтру Ігар Гірэнка адзначыў, што «па шчасьлівым зьбегу абставін тры з шасьці „кактэйляў Молатава“ ня выбухнулі» і ня сталі прычынай пажару. Паводле Гірэнкі, напад мог быць прымеркаваны да заключнага мерапрыемства Дзён расейскай культуры 27 сакавіка.

Падобныя цэнтры ў розных краінах дзейнічаюць у сыстэме расейскага фэдэральнага агенцтва «Россотрудничество». Звычайна яны рэгулююцца міжурадавымі пагадненьнямі, і іх дзейнасьць не спынілася пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну, нягледзячы на заходнія санкцыі, уведзеныя супраць «Россотрудничества». У Беларусі ёсьць чатыры такія ўстановы.

Актывісты і журналісты-расьсьледнікі зьвяртаюць увагу на тое, што, акрамя арганізацыі культурных мерапрыемстваў, дзейнасць цэнтру таксама накіравана на распаўсюджваньне пракрамлёўскіх наратываў, у тым ліку пра вайну Расеі супраць Украіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Аўтамабілі, цеплавізары, маскавальныя сеткі. Хто ў Беларусі зьбірае дапамогу для расейскіх вайскоўцаў

Днямі ў горадзе Пардубіцы ў Чэхіі быў падпалены завод кампаніі, якая вырабляе бесьпілётнікі, у тым ліку для Украіны. Адказнасьць за гэта ўзяла на сябе левая прапалестынская групоўка. Былі затрыманыя тры чалавекі, прапалестынскія актывісты. Паліцыя заявіла, што таксама расьсьледуе магчымы «расейскі сьлед».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Малдова закрывае «Русский дом» усьлед за Азэрбайджанам. Гэта рэакцыя на расейскія бесьпілётнікі

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Беларусі адкрыюць ужо чацьвёртае аддзяленьне Расейскага цэнтру навукі і культуры, які прасоўвае ідэі «русского мира»