Чаму прышчэпка ад вірусу папілёмы чалавека патрэбная ня толькі дзяўчатам: праўда пра вірус, вакцыны і міт пра бясплоднасьць

Мэдсястра ўводзіць дозу вакцыны супраць віруса папіломы чалавека (ВПЧ) у каледжы Тэадора Моно ў Вэрн-сюр-Сэш, прыгарадзе Рэна, заходняя Францыя, 9 кастрычніка 2023

Вірус папілёмы чалавека бязь мітаў: каму і навошта вакцынавацца і якія вакцыны даступныя ў Беларусі.

Прышчэпку супраць вірусу папілёмы чалавека (ВПЧ), якая перадухіляе рак шыйкі маткі, у 2025 годзе ў Беларусі афіцыйна ўключылі ў нацыянальны каляндар прафіляктычных прышчэпак. Бясплатна гэтую прышчэпку вакцынаю кітайскае вытворчасьці робяць дзяўчатам 11–12 гадоў. У большасьці эўрапейскіх краін прышчэпку супраць ВПЧ робяць як дзяўчатам, так і хлопцам. Дактары рэкамэндуюць прышчапляцца супраць ВПЧ у якім-хаця ўзросьце.

Разам з доктарам акушэрам-гінэколягам, анколягам Станіславам Салаўём і мікрабіёлягам Вікторыяй Даронінай з Манчэстэрскага гарадзкога ўнівэрсытэту раскажам, чаму важна прышчапляцца ад ВПЧ, каму і калі гэта варта рабіць, а таксама разьбяромся з пашыраным мітам пра гэтую вакцыну.

Чым небясьпечны вірус папілёмы чалавека

Паводле доктара акушэра-гінэколяга, анколяга Станіслава Салаўя, амаль 100% выпадкаў раку шыйкі маткі (РШМ) зьвязаныя менавіта з інфікаваньнем вірусам папілёмы чалавека. І ня толькі.

«Гэты вірус павышае рызыку раку анальнага каналу, раку ротаглоткі й іншых анкалягічных захворваньняў. Таксама ёсьць зьвесткі, што ён павышае рызыку страты цяжарнасьці на позьніх тэрмінах, гэта значыць заўчасных родаў. Гэта вельмі небясьпечная інфэкцыя, якая вельмі лёгка перадаецца, у першую чаргу праз полавыя кантакты».

Доктар удакладняе, што ня ўсе тыпы ВПЧ аднолькава небясьпечныя.

«Гінэколягі звычайна вылучаюць найбольш значныя — гэта 16-ы і 18-ы тыпы. Ёсьць і іншыя анкагенныя тыпы, напрыклад 31-ы, 33-і, 45-ы і г. д. Тыя тыпы ВПЧ, якія выклікаюць кандылёмы і больш касмэтычныя праблемы, менш небясьпечныя. А статыстычна менавіта 16-ы і 18-ы тыпы адказныя прыкладна за 70% выпадкаў раку шыйкі маткі ў сьвеце».

Станіслаў Салавей

Доктар падкрэсьлівае, што важна разумець: вірус — гэта ня рак. Пасьля інфікаваньня прыкладна ў 80% здаровых людзей вірус сам зьнікае дзякуючы імуннай сыстэме. У астатніх 20% ён можа захоўвацца, а ў часткі гэтых людзей з часам можа разьвіцца рак.

«Менавіта рак шыйкі маткі — гэта вельмі павольны працэс. Ад заражэньня да разьвіцьця раку можа прайсьці 5–7 гадоў і нават больш. Спачатку ўзьнікае дысплязія, потым яна паступова можа перайсьці ў рак. Гэта не адбываецца імгненна».

  • Як паведамляе сайт Міністэрства здароўя Беларусі, у краіне «штогод выяўляецца каля 1000 новых выпадкаў раку шыйкі маткі. Кожныя два дні ў Беларусі захворваюць на РШМ пяць жанчын, і кожны дзень гэтая хвароба забірае жыцьцё адной жанчыны. Сярод гінэкалягічных анказахворваньняў у Рэспубліцы Беларусь РШМ на другім месцы. Рызыка разьвіцьця раку ў жанчын, інфікаваных ВПЧ, узрастае больш чым у сто разоў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусы папрасілі Мінздароўя зрабіць прышчэпку ад кляшчоў бясплатнай для ўсіх. У ведамстве адказалі

Чаму важнае ўключэньне вакцынацыі ад ВПЧ у каляндар прышчэпак у Беларусі

З 2025 году вакцынацыя супраць ВПЧ-інфэкцыі ўключана ў нацыянальны каляндар прафіляктычных прышчэпак і пералік прафіляктычных прышчэпак паводле эпідэмічных паказаньняў. Згодна з гэтымі дакумэнтамі, вакцынуюць супраць ВПЧ-інфэкцыі дзяўчат ва ўзросьце 11 гадоў.

Міністэрства здароўя адзначае, што «пры наяўнасьці вакцыны бясплатная вакцынацыя будзе прапанавана дзяўчатам, уключаным у „сьпіс чаканьня“ ў паліклініцы на месцы абслугоўваньня. Усе іншыя змогуць зрабіць прышчэпкі супраць ВПЧ-інфэкцыі на платнай аснове ў дзяржаўных і прыватных мэдычных установах».

Доктар Салавей вітае рашэньне ўключыць вакцыну супраць ВПЧ у нацыянальны каляндар прышчэпак.

«Калі вы пачуеце ад гінэколяга, што дзіцяці без супрацьпаказаньняў ня трэба рабіць гэтую прышчэпку, гэта абсалютна непрымальная пазыцыя. На мой погляд, гэта нават злачынна. Гэтая вакцына існуе ўжо больш за 15 гадоў. Напрыклад, вакцына „Цэрварыкс“, якую выкарыстоўваюць у Беларусі, ліцэнзаваная з 2009 году. Гэта значыць, што мы маем назіраньні за людзьмі ўжо цягам 10–20 гадоў. Эфэктыўнасьць вакцыны вельмі высокая — зьніжэньне рызыкі раку шыйкі маткі дасягае 96–97%».

Чаму гэтая прышчэпка патрэбная і хлопцам, а таксама ўсім дарослым

Вікторыя Дароніна

Кандыдат біялягічных навук, мікрабіёляг, супрацоўніца Манчэстэрскага гарадзкога ўнівэрсытэту Вікторыя Дароніна кажа, што яе вельмі дзівіць даволі распаўсюджаная памылковая думка, што вакцынуюць толькі дзяўчат 11–12 гадоў, а далей — не.

«Жанчыны старэйшага ўзросту ў выніку застаюцца неабароненымі. І мужчыны таксама. Усе чамусьці засяроджваюцца толькі на раку шыйкі маткі, але ж гэты вірус выклікае і шмат іншых відаў раку — анальнага каналу, пэніса, нават глоткі. Трэба разумець, што аральны сэкс распаўсюджаны, і тое, што раней праяўлялася толькі на геніталіях, цяпер зьяўляецца і ў іншых месцах».

Доктар Салавей згадвае зьвесткі аб тым, што вірус папілёмы чалавека ўплывае і на мужчынскую фэртыльнасьць — ён можа пагаршаць якасьць спэрмы.

«Ідэальна вакцынаваць усіх падлеткаў, прычым ня толькі дзяўчат, але і хлопцаў. Што і адбываецца ў многіх разьвітых краінах».

Вікторыя Дароніна спсылаецца на рэкамэндацыі Ўсясьветнай арганізацыі здароўя — рабіць вакцынацыю ня толькі для дзяўчат да 15 гадоў.

«Гэта толькі першая група. Ёсьць і другая — жанчыны да 45 гадоў, якіх таксама варта вакцынаваць. Вакцынаваць трэба і хлопцаў. Таксама важная група — мужчыны, якія маюць сэкс з мужчынамі, але пра гэта ў Беларусі амаль не гавораць».

У выніку атрымліваецца, што пра вялікую групу — жанчын да 45 гадоў — увогуле ніхто ня кажа ў Беларусі, адзначае мікрабіёляг.

«Папраўдзе вакцынавацца можна ў хоць якім узросьце. Абмежаваньне 45 гадамі хутчэй умоўнае. Лекар можа прызначыць вакцынацыю і пасьля. Калі чалавек ужо інфікаваны, вакцына не выдаляе вірус з арганізму, але яна можа абараніць ад іншых тыпаў вірусу. Самая простая вакцына абараняе ад двух найбольш небясьпечных тыпаў. Які тып вірусу ўжо ёсьць у чалавека, можна даведацца праз тэставаньне. Але хто яго будзе рабіць? Таму вакцынацыя ўсё роўна мае сэнс».

Тое, што ў Беларусі бясплатна прышчапляюць толькі дзяўчат пэўнага ўзросту, доктар Салавей тлумачыць адзінай прычынай — высокай цаной вакцыны.

«Вакцынацыя ад вірусу папілёмы чалавека — бясьпечная, эфэктыўная, яна дазваляе перадухіліць рак. Асабліва важна вакцынаваць падлеткаў. Але і для дарослых гэта таксама мае сэнс».

Паводле доктара Салаўя, найлепшы ўзрост — 11–13 гадоў. У гэтым узросьце вакцына дае максымальны ахоўны эфэкт — больш за 90%.

«У 15–17 гадоў эфэктыўнасьць ужо ніжэйшая — каля 70%. Таму найбольш разумна вакцынаваць менавіта падлеткаў. Дарослым таксама можна вакцынавацца. Але гэта не адмяняе неабходнасьці рэгулярнага скрынінгу — ПАП-тэстаў шыйкі маткі, ВПЧ-тэстаў».

Паводле акушэра-гінэколяга, строгіх узроставых абмежаваньняў для вакцынацыі няма.

«У дарослых жанчын вакцынацыя зьніжае рызыку захворваньня, але захоўваецца патрэба рэгулярна назірацца. Калі жанчына ўжо інфікаваная, вакцына можа зьнізіць рызыку рэцыдыву. Але ў кожным разе трэба разумець, што рак шыйкі маткі разьвіваецца вельмі павольна, і пры рэгулярным скрынінгу яго практычна немагчыма прапусьціць».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Для прафіляктыкі вірусу папіломы ў Беларусі будуць выкарыстоўваць кітайскую вакцыну

Ці бясьпечная вакцына супраць ВПЧ

Абодва экспэрты падкрэсьліваюць бясьпечнасьць вакцынацыі. Мікрабіёляг Вікторыя Дароніна:

«Я спэцыяльна глядзела дасьледаваньні: няма ніводнага зарэгістраванага выпадку сьмерці ад гэтай вакцыны. Яна выкарыстоўваецца з 2006 году і прайшла ўсе клінічныя выпрабаваньні. Напрыклад, у Вялікай Брытаніі пасьля ўвядзеньня абавязковай вакцынацыі ў дзяўчат практычна зьнік рак шыйкі маткі ў гэтай групе».

Акушэр-гінэколяг Станіслаў Салавей кажа пра рэдкія і нязначныя пабочныя эфэкты:

«Вакцына вельмі добра вывучаная. У дасьледаваньнях удзельнічалі дзясяткі тысяч людзей. Прыкладна ў 5% людзей бываюць лёгкія пабочныя эфэкты — напрыклад, боль у месцы іньекцыі, як пасьля ўсякай іншай прышчэпкі. Гэта нармальна. Сур’ёзныя пабочныя эфэкты сустракаюцца вельмі рэдка — каля 0,7%, і пры гэтым яны не былі зьвязаныя непасрэдна з вакцынай. Часьцей за ўсё гэта могуць быць такія рэакцыі, як галавакружэньне або непрытомнасьць падчас іньекцыі — як і пры здачы крыві».

Наколькі адрозьніваюцца вакцыны розных вытворцаў?

Як паведамляе Міністэрства аховы здароўя Беларусі, для бясплатнага прышчапленьня ўжываюць вакцыну Сecolin (Цэкалін) кітайскай вытворчасьці. Сecolin (Цэкалін) — бівалентная вакцына, якая абараняе ад ВПЧ тыпаў 16 і 18. Дзяўчат прышчапляюць «Цэкалінам» бясплатна, ім трэба атрымаць дзьве дозы. Пасьля 15 і да 45 гадоў прышчэпкі робяць ужо тры разы.

Паводле Вікторыі Даронінай, вакцына, ужываная ў Беларусі, — гэта старэйшая вэрсія, якая абараняе прыкладна ад 70% выпадкаў раку.

«Яна не абараняе ад кандылёмаў (генітальных бародавак). Ёсьць больш сучасныя вакцыны. Напрыклад, Gardasil абараняе ад чатырох тыпаў вірусу, а Gardasil 9 — ад дзевяці тыпаў і прыкладна ад 90% выпадкаў раку. Чым навейшая вакцына — тым шырэйшая абарона. Але, відавочна, дзяржава ня мае сродкаў, каб закупляць самыя сучасныя вакцыны. У Беларусі, наколькі я разумею, такую магчымасьць маюць прыватныя цэнтры, але многія людзі пра гэта проста ня ведаюць. Таму тут важна больш інфармаваць і тлумачыць».

Доктар Салавей падсумоўвае:

«У Беларусі адзіны бясплатны даступны варыянт вакцыны супраць ВПЧ — Cervarix, яна абараняе ад 16-га і 18-га тыпаў вірусу, найбольш небясьпечных з гледзішча разьвіцьця раку. Недахоп — тое, што няма выбару іншых вытворцаў, а гэта можа зьніжаць давер насельніцтва да праграмы вакцынацыі. Ёсьць таксама вакцыны Gardasil (супраць чатырох тыпаў вірусу) і Gardasil 9 (супарь дзевяці тыпаў вірусу), якія ахопліваюць больш тыпаў віруса. Нават Cervarix (супраць двух тыпаўў вірусу) дае пэўную перакрыжаваную абарону супраць іншых анкагенных тыпаў ВПЧ».

Паводле Міністэрства здароўя, у Беларусі ліцэнзаваныя наступныя вакцыны супраць ВПЧ: бівалентныя — Cervarix (Вялікая Брытанія), Cecolin (Кітай) і Walrinvax (Кітай); квадрывалентныя — Gardasil (ЗША) і Cervavax (Індыя); а таксама нонавалентная вакцына Gardasil 9 (ЗША), якая дае найшырэйшую абарону.

Калі гэта не бясплатная прышчэпка кітайскай вакцынай, то, напрыклад, у Менску вакцыны супраць ВПЧ даступныя пераважна ў прыватных мэдычных цэнтрах, цэны могуць трохі адрозьнівацца ў розных установах, але прыкладна выглядаюць так:

Cervarix — каля 250–350 рублёў за адну дозу. Gardasil — каля 350–450 рублёў за дозу. Gardasil 9 — каля 500–700 рублёў за дозу. Звычайна патрабуецца 2 або 3 дозы (залежна ад узросту), таму поўны курс можа каштаваць: Cervarix — 500–900 рублёў, Gardasil — 700–1200 рублёў, Gardasil 9 — 1000–2000 рублёў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму вярнулася забытая хвароба, пры чым тут вайна, COVID-19 і Міністэрства здароўя. Запыталіся трох экспэртаў пра адзёр

Чаму бясплоднасьць ў выніку вакцынацыі супраць ВПЧ — міт

Паводле Вікторыі Даронінай, найбольш распаўсюджаны міт — нібыта прышчэпка супраць ВПЧ можа выклікаць бясплоднасьць.

«Гэта абсалютна не адпавядае рэчаіснасьці. Больш за тое — усё наадварот. Спэцыялісты сьведчаць, што ў жанчын, якія ня могуць зацяжараць, часта ёсьць інфэкцыя вірусу папілёмы чалавека, якая выклікала зьмены ў сьлізістай, і гэта перашкаджала зачацьцю. Іх лечаць, у тым ліку хірургічна, і пасьля гэтага некаторыя з іх могуць зацяжараць. Гэта значыць, не вакцына выклікае бясплоднасьць, а вірус можа прыводзіць да праблемаў з фэртыльнасьцю. І вакцына, наадварот, гэта перадухіляе».

Доктар Салавей тлумачыць паходжаньне гэтага міту публікацыяй у дастаткова аўтарытэтным часопісе ў ЗША навуковага артыкулу, у якім сьцьвярджалася, што вакцына выклікае бясплоднасьць.

«Артыкул выйшаў. Калі пачалі разьбірацца, высьветлілася вельмі цікавая рэч: аўтарка нават не была лекарам, яна была эканамістам. І самае галоўнае — у дасьледаваньні нават ня ўлічвалі, ці плянуюць жанчыны цяжарнасьць. У выніку атрымалася скажэньне: у бедных групаў насельніцтва, якія не былі вакцынаваныя, цяжарнасьці адбываліся часьцей, у тым ліку падлеткавыя. А ў вакцынаваных жанчын, якія часта проста не плянавалі цяжарнасьць і выкарыстоўвалі кантрацэпцыю, гэта было запісана як „бясплоднасьць“. Артыкул у выніку быў адкліканы. Але міт ужо распаўсюдзіўся».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі ўвялі некалькі новых прышчэпак, у тым ліку для прафіляктыкі раку

Чаму вакцынацыя супраць ВПЧ — інвэстыцыя ў будучыню

Акушэр-гінэколяг Станіслаў Салавей называе вакцынацыю падлеткаў супраць ВПЧ інвэстыцыяй у будучыню. Паводле яго, эфэкт ад вакцынацыі будзе добра бачны праз 20–30 гадоў. Салавей лічыць, што гэтая вакцынацыя павінна быць абавязковай.

«У некаторых краінах ужо ўвялі абавязковыя вакцынацыі. І гэта лягічна: дарослы чалавек можа рызыкаваць сваім здароўем, але не павінен рызыкаваць здароўем дзіцяці».

Паводле Вікторыі Даронінай, вакцынацыя — эфэктыўны і бясьпечны спосаб перадухіліць сур’ёзныя захворваньні.

«Праблема не ў вакцынах, а ў недахопе інфармацыі і страхах, якія ня маюць навуковых падставаў. Таму важна ня толькі вакцынаваць, але і тлумачыць людзям, як гэта працуе і навошта гэта патрэбна».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі 34 тысячам дзяўчатак зрабілі прышчэпку ад вірусу папілёмы чалавека, які выклікае рак