Увечары 26 сакавіка паветраную прастору над Віленскім аэрапортам двойчы закрывалі з прычыны пралёту паветраных балёнаў з кантрабандай, запушчаных зь Беларусі, піша LRT.
Калі лётнішча ўпершыню закрылі, самалёты не маглі прызямляцца ў ім каля гадзіны.
Паветраную прастору абмяжоўвалі з 21:56 да 22:55 праз заўважаныя на радарах навігацыйныя маркеры, характэрныя для кантрабандных балёнаў.
На сайце Віленскага аэрапорту пазначана, што абмежаваньні паўплывалі на адзін рэйс. Рэйс airBaltic з 182 пасажырамі на борце быў перанакіраваны ў Коўна. Сярод пасажыраў была эўрадэпутатка Раса Юкнявічэне. Пасажыраў прывезьлі ў Вільню аўтобусам. Вылет рэйсаў быў дазволены.
Працу лётнішча абмежавалі другі раз а 00:24, аднавілі а 00:50.
Гэта ўжо пяты выпадак сёлета, калі праца сталічнага лётнішча была парушаная пагрозай кантрабандных паветраных шароў.
Балёны, галоўным чынам у Віленскім аэрапорце, летась парушылі графік больш за 300 рэйсаў, што закранула 47 000 пасажыраў і прывяло да закрыцьця лётнішчаў амаль на 60 гадзін.
У сярэдзіне сьнежня летась урад Літвы абвясьціў надзвычайнае становішча з гэтай прычыны. Мяжа краіны зь Беларусьсю таксама была часова зачыненая ў кастрычніку.
Дзяржаўная памежная служба Літвы 26 сакавіка паведаміла, што сёлета было перахоплена 75 кантрабандных паветраных шароў, якія зьмяшчалі больш за 200 000 пачкаў нелегальных цыгарэт. Літоўскія палітыкі лічаць гэтыя ўварваньні гібрыднай атакай рэжыму Лукашэнкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Літву зь Беларусі вярнулі 100 раней затрыманых грузавікоў, застаецца больш за тысячу