У Беларусі падвысілі цэны на звадкаваны газ для юрыдычных асобаў і ІП

Ілюстрацыйнае фота

Гранічныя цэны на звадкаваны газ для арганізацыяў і ІП павысілі на 2,8%, 6,9% і 6,93% — у залежнасьці ад гандлёвых умоваў.

Як паведаміў партал Pravo.by, міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю (МАРГ) павысіла гранічныя максымальныя адпускныя цэны на звадкаваны газ для юрыдычных асобаў і ІП.

Так, звадкаваны газ для прадпрыемстваў «Белпалівагазу» падаражэў да 642,26 рубля за тону. Што да іншых арганізацыяў, юрыдычных асобаў і ІП, то цана газу для запраўкі ў балёны для іх павялічылася да 676,97 рубля за тону. Пастанова набывае моц 27 сакавіка 2026 году.

Летась МАРГ увяло новыя гранічныя максымальныя адпускныя цэны на звадкаваныя вуглевадародныя газы, прызначаныя для камунальна-бытавога спажываньня на тэрыторыі Беларусі, якія прадаюць арганізацыі ў складзе «Белпалівагазу»: 600,60 руб. за 1 тону. Звадкаваны газ для запраўкі ў балёны юрыдычным асобам і ІП каштаваў год таму 633,05 рубля за 1 тону. Такім чынам, падвышэньне гранічных цэнаў на звадкаваны газ для арганізацыяў і ІП склала 2,8%, 6,9% і 6,93% — залежна ад гандлёвых умоваў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску падаражэе грамадзкі транспарт