Эўрапейскі суд зноў адхіліў скаргу расейскага алігарха беларускага паходжаньня Мазэпіна на санкцыі

Эўракамісія ў Брусэлі. Ілюстрацыйнае фота

Асноўны акцыянэр «Уралхіму» Дзьмітры Мазэпін, які праз свае кампаніі валодае яшчэ і акцыямі «Уралкалію», зноў патрабаваў ад Эўразьвязу скасаваць санкцыі супраць яго.

Як адзначаецца ў рашэньні Эўрапейскага суда, Дзьмітры Мазэпін дабіваўся скасаваньня рашэньня суда ад 8 верасьня 2023 году, якім адхілілі яго пазоў аб выключэньні яго імені зь санкцыйных сьпісаў Эўрапейскага зьвязу.

Суд разглядаў яго пазоў разам з аналягічнымі заявамі яшчэ чатырох расейскіх бізнэсоўцаў.

Суд патлумачыў сваё рашэньне тым, што ступень уплывовасьці бізнэсоўцаў ацэньваецца па іх значнасьці для расейскай эканомікі, а не па асабістых сувязях з уладай, а санкцыі ўводзяцца не таму, што яны наўпрост зьвязаныя з урадам, а менавіта таму, што яны адыграюць ключавую ролю ў сэктарах эканомікі, важных для расейскага бюджэту.

Паводле суда, замарожваньне актываў бізнэсоўцаў зьяўляецца прапарцыйнай мерай ціску на Расею, каб прымусіць яе спыніць агрэсію супраць Украіны.

У іншым сваім паведамленьні Эўрапейскі суд паведаміў, што ў 2025 годзе амаль удвая павялічылася колькасьць спраў: з 63 — у 2024-ым да 105 у 2025 годзе. Пры гэтым 84 зь іх датычацца скасаваньня санкцый, уведзеных Эўразьвязам у сувязі з вайной Расеі супраць Украіны, у тым ліку тых, што вынікаюць з удзелу Беларусі, сытуацыі ў Малдове, ваеннай падтрымкі з боку Ірану, а таксама з дэстабілізуючай дзейнасьці Расеі, накіраванай супраць Эўразьвязу або яго чальцоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўрапейскі суд адхіліў скаргу расейскага алігарха беларускага паходжаньня Мазэпіна на санкцыі

Супраць шэрагу расейскіх алігархаў Эўрапейскі зьвяз увёў эканамічныя санкцыі пасьля пачатку расейскай агрэсіі супраць Украіны. Многія зь іх спрабуюць абскардзіць санкцыі ў міжнародных судах.

Асобна шэраг краін увёў санкцыі супраць Беларусі — за перасьлед іншадумцаў рэжымам Лукашэнкі, за прымусовую пасадку самалёта Атэны — Вільня і за саўдзел Лукашэнкі ў вайне супраць Украіны.