У NATO назвалі Беларусь у кантэксьце пагрозаў з боку Расеі для бясьпекі краін альянсу

Генэральны сакратар NATO Марк Рутэ пад час прэзэнтацыі штогадовай справаздачу за 2025 год, 26 сакавіка 2026

У штогадовай справаздачы Паўночнаатлянтычнага альянсу за 2025 год адзначаецца, што стан небясьпекі для краін арганізацыі характарызуецца шматлікімі пагрозамі і выклікамі, сярод якіх найбольш значныя — з боку Расеі.

«Расея застаецца найбольш значнай і непасрэднай пагрозай нашай бясьпецы, міру і стабільнасьці ў эўраатлянтычным рэгіёне. Яе жорсткую вайну супраць Украіны, якая вядзецца ўжо пяты год, падтрымліваюць Кітай, Паўночная Карэя, Іран і Беларусь. Стратэгічная канкурэнцыя ўзрастае, тэрарызм зьяўляецца пастаяннай пагрозай для NATO, а нашыя паўднёвыя суседзі нестабільныя», — адзначаецца ў справаздачы.

Згодна з дакумэнтам, цягам 2025 году Расея працягвала выпрабоўваць Альянс, у тым ліку, парушаючы паветраную прастору і ажыцьцяўляючы зламысную кібердзейнасьць.

«Рэакцыя NATO на правакацыі Расеі была хуткай, выразнай і рашучай. Для абароны крытычна важнай інфраструктуры саюзьнікаў на моры мы запусьцілі місію „Балтыйскі вартавы“. Каб павысіць нашу пільнасьць і ўмацаваць нашы сілы стрымліваньня і абароны на ўсходнім флянгу, мы таксама запусьцілі місію „Усходні вартавы“. Наяўнасьць большай колькасьці сіл, гатовых на сушы, на моры і ў паветры, пасылае моцны сыгнал аб салідарнасьці, сіле і рашучасьці саюзьнікаў», — адзначаецца ў справаздачы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інстытут вывучэньня вайны: Расея працягне разьвіваць у Беларусі свой вайсковы патэнцыял для падтрымкі вайны ва Ўкраіне


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Камандзір падразьдзелу NATO ў Літве: Няма пацьверджаньня пра ядзерную зброю і «Арэшнік» у Беларусі