У Літву зь Беларусі вярнулі 100 раней затрыманых грузавікоў, застаецца больш за тысячу

Літоўскія грузавікі на стаянцы ў пункце пропуску Беняконі. Архіўнае фота

100 раней затрыманых грузавых аўтамабіляў вернуты з Беларусі ў Літву, паведамляе LRT са спасылкай на інфармацыйнае агенцтва Elta.

LRT адзначае, што 45 фур уехала ў Літву праз пункт пропуску Меднікі (зь беларускага боку Каменны Лог), 55 — праз Салечнікі (Беняконі).

Паводле прадстаўніка Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы Гедруса Мішуціса, большасьць кіроўцаў грузавікоў зьяўляюцца грамадзянамі Беларусі, якія маюць літоўскі від на жыхарства.

Першыя фуры вярнуліся ў Літву 24 сакавіка а 5-й гадзіне раніцы.

23 сакавіка Дзяржаўны мытны камітэт паведаміў, што Аляксандр Лукашэнка «прыняў рашэньне аб магчымасьці выезду грузавых транспартных сродкаў на літоўскай рэгістрацыі».

«Цяпер на спэцыяльна абсталяваных пляцоўках разьмешчана больш як 1,9 тысячы транспартных сродкаў, у тым ліку цягачоў, прычэпаў і паўпрычэпаў. На працягу ўсяго пэрыяду забясьпечвалася іх поўная захаванасьць», — гаварылася ў рэлізе.

Там было заяўлена, што транспартныя сродкі змогуць пакідаць тэрыторыю Беларусі праз літоўскі напрамак «у адпаведнасьці з заканадаўствам». Літоўскія фуры, якія фактычна належаць польскім перавозчыкам, змогуць выяжджаць «у тым ліку і праз польскі напрамак, дзе сумежны бок працуе больш актыўна».

Аб «значным зьніжэньні» тарыфаў за стаянку фур з літоўскай рэгістрацыяй паведаміла прэс-служба ўраду Белаурсі. Прэзыдэнт літоўскай Нацыянальнай асацыяцыі аўтаперавозчыкаў LINAVA Эрландас Мікенас сказаў радыё LRT, што аплата можа дасягаць 14,4 тысячы эўра за адзін цягач:

«Мы стаялі чатыры месяцы — гэта каля 120 дзён. На пачатковым этапе плата складала 120 эўра за суткі».

Дзеяньні беларускіх уладаў, з-за якіх у краіне затрымалася тэхніка літоўскіх і іншых перавозчыкаў з краін Эўразьвязу, зьяўляюцца непрымальнымі і неабгрунтаванымі, паведамляла LRT 18 сакавіка, спасылаючыся на адказ Эўрапейскай камісіі, які атрымала LINAVA.

2 сакавіка кампанія накіравала туды афіцыйны зварот па сытуацыі.

Linava заявіла, што маёмасная шкода ад гэтых дзеяньняў можа дасягаць 22 млн эўра, паведамляе літоўскі тэлеканал LRT. Паводле зьвестак, сабраных асацыяцыяй, цяпер тэрыторыі Беларусі затрыманы 1071 транспартны сродак — яны належаць 149 літоўскім прадпрыемствам. Зь іх 496 складаюць цягачы (фуры), 575 — паўпрычэпы і іншая транспартная тэхніка.

Як сьцьвярджае Linava, агульны кошт затрыманай маёмасьці складае 15,9 млн эўра, аднак з улікам папярэдніх зьвестак ад іншых кампаніяў, агульная сума стратаў вырасьце да 22 млн эўра.

Літоўскія фуры затрымалі ў Беларусі ў адказ на рашэньне Літвы закрыць дзяржаўную мяжу з прычыны пастаяннага прылёту паветраных балёнаў з кантрабандай.

Нягледзячы на ўжо адкрытую мяжу, рэжым Лукашэнкі дагэтуль не дазваляе літоўскім транспартным сродкам пакідаць краіну з канца кастрычніка 2025 году і скіраваў іх на адмысловыя пляцоўкі, дзе за кожны грузавік або паўпрычэп спаганяецца штодзённая плата ў памеры 120 эўра.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як літоўскія перавозьнікі забіраюць грузавікі зь Беларусі і колькі за іх плацяць
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Літву вярнуліся першыя затрыманыя ў Беларусі грузавікі — літоўская памежная служба