Reuters: удары вывелі з ладу 40% магутнасьцяў Расеі ў экспарце нафты

Пажар на расейскім нафтавым аб’екце пасьля ўдару дрона

Як мінімум 40 працэнтаў магутнасьцяў Расеі ў экспарце нафты былі выведзеныя з ладу ў выніку атак украінскіх дронаў, захопу танкераў і прыпыненьня работы нафтаправоду «Дружба».

Гэта эквівалентна прыкладна двум мільёнам барэляў у дзень, як вынікае з разьлікаў агенцтва Reuters.

Агенцтва адзначае, што ў сакавіку Ўкраіна актывізавала атакі на расейскую нафтавую інфраструктуру, паразіўшы тры яе найбуйнейшыя заходнія порты: Новарасійск на Чорным моры, а таксама Прыморск і Усьць-Лугу на Балтыйскім моры.

Як піша Reuters, паколькі экспартныя маршруты на Захад пад пагрозай, Масква вымушана спадзявацца на экспарт нафты на азіяцкія рынкі, але гэтыя маршруты абмежаваныя недастатковай прапускальнай здольнасьцю.

Кіеў заяўляе, што мэта ўдараў па энэргетычнай інфраструктуры Расеі — паменшыць даходы Масквы ад нафты і газу, каб аслабіць яе вайсковую моц.

Паводле агенцтва Bloomberg, за апошнія тры тыдні сярэднедзённыя даходы Расеі ад экспарту нафты вырасьлі ўдвая — з 135 мільёнаў даляраў у дзень у студзені да 270 млн даляраў. Выданьне зьвязвае такі рост з канфліктам на Блізкім Усходзе і закрыцьцём Армускай пратокі, а таксама аслабленьнем санкцыяў. 13 сакавіка ЗША дазволілі пастаўку і продаж расейскай сырой нафты і нафтапрадуктаў, заладаваных на вадаплавы да 12 сакавіка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На нафтабазе ў Расеі пасьля атакі Ўкраіны гараць два рэзэрвуары з палівам, дым расьцягнуўся на 15 кілямэтраў. ФОТА