Пра гэта першая лэдзі ЗША заявіла Breitbart News 22 сакавіка.
Яна падкрэсьліла, што ўсе камунікацыі ў пытаньнях узьяднаньня адбываліся строга паміж ёй, ейным упаўнаважаным прадстаўніком і вышэйшымі службовымі асобамі Расеі ды Ўкраіны.
«Заява спадара Лукашэнкі пра тое, што я прасіла ягонай дапамогі ў сувязі з намаганьнямі па ўзьяднаньні ўкраінскіх і расейскіх дзяцей зь іхнымі сем’ямі, ёсьць ілжывай і беспадстаўнай, — сказала яна. — На сёньняшні дзень усе камунікацыі і ўзаемадзеяньні ў гэтай справе вяліся выключна маім належным чынам упаўнаважаным прадстаўніком і мною наўпрост з украінскімі і расейскімі афіцыйнымі асобамі».
«Ніякіх іншых паведамленьняў альбо зваротаў да любога з бакоў ад майго імя праз трэціх асобаў не рабілася», — дадала яна.
Гэтая заява была некалькі разоў перапошчаная ў на розных афіцыйных акаўнтах Мэланіі Трамп, як, да прыкладу, FLOTUS і MELANIATRUMP у сацыяльнай сетцы X.
З кастрычніка Мэланія Трамп паспрыяла правядзеньню трох раўндаў узьяднаньня расейскіх і ўкраінскіх дзяцей зь іхнымі сем’ямі. Чацьвёрты раўнд чакаецца ў наступным месяцы; перамовы вядуцца ўсімі бакамі.
Удзельнікі працэсу адзначаюць, што намаганьні па ўзьяднаньні сем’яў сталі рэдкім прыкладам супрацоўніцтва паміж Расеяй і Ўкраінай у ходзе працяглага канфлікту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пра просьбу першай лэдзі ЗША: «Не пытаньне. Але змагацца за гэта ня буду»20 сакавіка Аляксандар Лукашэнка заявіў, што першая лэдзі ЗША Мэланія Трамп папрасіла яго паразмаўляць з Уладзімерам Пуціным наконт зьніклых у Расеі ўкраінскіх дзяцей.
Адпаведны сьпіс ён нібыта атрымаў напярэдадні ад амэрыканскай дэлегацыі падчас перамоваў.
«Вось зараз Мэланія перадала сьпіс дзяцей, якія нібыта ў выніку вайны ва Ўкраіне згубіліся ў Расеі. І просіць мяне, каб пры сустрэчы з Уладзімерам Пуціным я перадаў гэты сьпіс, паразмаўляў зь ім, каб мы знайшлі ў Расеі гэтых дзяцей, якія ўцякалі ад вайны, хутчэй за ўсё. Знайшлі і аддалі Ўкраіне, калі дзеці гатовыя і там гатовыя іх узяць на ўтрыманьне», — заявіў Лукашэнка.
Ён сказаў, што пагадзіўся гэта зрабіць, але папярэдзіў, што «ўгаворваць» Пуціна ня будзе:
«Калі Мэланія просіць (гэта ў разьвіцьцё таго ліста, які яна калісьці перадала Пуціну наконт дзяцей), я гэтую пазыцыю старэйшаму брату давяду, не пытаньне. Але змагацца за гэта ня буду, бо я ня ведаю, ёсьць гэтыя дзеці ці няма, праўда гэта ці не і хто перадаў гэтыя сьпісы. Гэта мне нескладана — я перадам, пагаворым на гэтую тэму», — сказаў Лукашэнка.
Мэланія Трамп напісала Пуціну ліст у жніўні 2025 году. Трамп асабіста ўручыў гэты ліст Пуціну падчас іхных перамоваў на Алясцы.
Паводле ўкраінскага боку, Расея незаконна вывезла з Украіны каля 150 тысяч дзяцей. У сакавіку 2023 Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэры на арышт прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і расейскага амбудсмэна ў справах дзяцей Марыі Львовай-Бяловай. Іх падазраюць у ваенных злачынствах — гвалтоўных дэпартацыях і перамяшчэньні насельніцтва, у тым ліку дзяцей, з акупаваных тэрыторый Украіны. Масква не адмаўляе факт вывазу дзяцей, але тлумачыць гэта пытаньнямі бясьпекі.
Праваабарончыя арганізацыі абвінавачваюць афіцыйны Менск у саўдзеле ў перамяшчэньні, перавыхаваньні і мілітарызацыі ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторыяў. Праваабаронцы ідэнтыфікавалі больш як 2200 дзяцей, якія былі перамешчаныя з акупаваных тэрыторыяў у Беларусь з 2021 па 2024 год. Некаторых зь іх пазьней зь Беларусі перамясьцілі ў Расею.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Выліваў гарэлку на падлогу, пакуль ён ня бачыў». Спэцыяльны пасланьнік Трампа расказаў дэталі сустрэчаў з Лукашэнкам