Мэдалямі Ордэну Пагоні узнагароджаныя Валяціна Андрэева, галоўная рэдактарка эўрапейскага беларускага выдавецтва Gutenberg Publisher, і старшыня Беларускага ПЭНу Тацяна Нядбай.
«Ва ўмовах, калі ціск на нацыянальную культуру, на беларускую мову набыў татальны характар, калі дзясяткі людзей слова за кратамі, вольны кнігадрук і адстойваньне права на свабоду выказваньняў робяцца аднымі з умоваў выжываньня беларусаў як этнасу», — гаворыцца ў абгрунтаваньні прызнаньня ўзнагароды.
Мэдалём Ордэну Пагоні таксама ўганараваны журналіст Віталь Цыганкоў, які стаяў ля вытокаў беларускай незалежнай журналістыкі і чые публікацыі былі прыкметнай зьявай яшчэ ў гады змаганьня за аднаўленьне Незалежнасьці ў пачатку 90-х гадоў ХХ стагодзьдзя.
Асобным дэкрэтам Старшыні Рады БНР мэдалямі «За баявыя заслугі» І і ІІ ступеняў узнагароджаныя 19 беларускіх добраахвотнікаў у складзе Ўзброеных сілаў Украіны. Гэтак адзначаны іх асабісты гераізм у змаганьні з расейскім агрэсарам, збройная абарона ад якога Ўкраіны служыць таксама справе беларускіх нацыянальных інтарэсаў і здабыцьця незалежнай ды вольнай будучыні для Беларусі.
25 сакавіка 1918 году Рада Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) прыняла Трэцюю Ўстаўную грамату, у якой абвясьціла незалежнасьць БНР і аддзяленьне Беларусі ад Расеі.
Ад 1989 году ў Менску і іншых гарадах Беларусі ладзіліся сьвяточныя ўрачыстасьці, палітычныя акцыі, мітынгі, шэсьці, пэрформансы, прысьвечаныя ўгодкам абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Падчас кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі ўлады ставіліся да гэтай даты ў розны час з рознай ступеньню варожасьці. Гэтая варожасьць асабліва ўзмацнілася ў апошнія гады, пасьля масавых пратэстаў 2020 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Старшыня Рады БНР Сурвіла, а таксама Бяляцкі, Пазьняк, Статкевіч і Ціханоўская зьвярнуліся да беларусаў з нагоды Дня Волі. ВІДЭА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Запарожжы з нагоды Дня Волі ўзнагародзілі беларускіх добраахвотнікаў, у Кіеве беларусаў павіншавалі дэпутаты