У Запарожжы з нагоды Дня Волі ўзнагародзілі беларускіх добраахвотнікаў, у Кіеве беларусаў павіншавалі дэпутаты

Адзнакі Міністэрства абароны Ўкраіны, якія атрымалі беларускія добраахвотнікі ў Дзень Волі 25 сакавіка 2026 году

У палку Каліноўскага паведамілі аб цырымоніі ўзнагароджаньня байцоў узнагародамі і адзнакамі Міністэрства абароны Ўкраіны.

«Сёньня, на Дзень Волі, у Запарожжы адбылася ўрачыстасьць узнагароджаньня ваяроў Палка Каліноўскага. [...] Гэта вялікі гонар для беларускіх добраахвотнікаў. Віншуем пабрацімаў! І віншуем усіх беларусаў з Днём Волі!», — адзначаецца ў паведамленьні.

У палку ўдакладнілі, што за баявыя заслугі і асабістую мужнасьць, праяўленыя ў баях, беларускія добраахвотнікі атрымалі адзнакі міністра абароны — вайсковы крыж, крыж доблесьці і жалезны крыж, ведамасныя ўзнагароды за баявыя заслугі. Беларускія байцы таксама атрымалі мэдаль Рады БНР за баявыя заслугі.

Тым часам у Вярхоўнай Радзе Ўкраіны міжфракцыйнае дэпутацкае аб’яднаньне «За дэмакратычную Беларусь» з трыбуны павіншавалі беларусаў з Днём Волі. У той час, пакуль зачытвалі адпаведную заяву дэпутаты трымалі бел-чырвона-белы сьцяг.

У заяве дэпутаты прапанавалі ўраду Ўкраіны разарваць дыпляматычныя дачыненьні з Беларусьсю, прызнаць Беларусь акупаванай Расеяй тэрыторыяй, а таксама перадаць памяшканьне амбасады дэмакратычным сілам краіны.

«Мы верым, што хутка на вольным Менскам зноў будзе лунаць бел-чырвона-белы нацыянальны сьцяг, а мяжа паміж нашымі краінамі стане мяжой паміж дзьвюма свабоднымі эўрапейскімі нацыямі», — адзначылі дэпутаты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Больш за 400 чалавек у Беларусі асудзілі за салідарнасьць з Украінай. Хто гэта