Беларус Аляксандар Красоўскі ваяваў спачатку ў палку імя Кастуся Каліноўскага, а потым — у падразьдзеле «Тур» у складзе 225-га асобнага штурмавога батальёну.
Красоўскі мае вышэйшую адукацыю, разам з жонкай выхоўваюць дачку, якая мае другую групу інваліднасьці.
Свабода высьветліла некаторыя дэталі ягонай справы.
Справу расьсьледуюць ад студзеня
Справу, якую расьсьледуе адзін з аддзелаў паліцыі Харкаўскай вобласьці, завялі сёлета 21 студзеня, а затрымалі беларуса толькі праз амаль два месяцы. Увесь гэты час — ад завядзеньня справы да затрыманьня — вялі таемныя сьледчыя дзеяньні.
Ураджэнца Менску падазраюць у самавольным пакіданьні вайсковай часткі (згодна з ч. 5 артыкулу 407 караецца пазбаўленьнем волі ад 5 да 10 гадоў) і ў нашэньні, захоўваньні, набыцьці, перадачы і збыце без законнага дазволу зброі і баявых прыпасаў (згодна з ч. 1 артыкулу 263 караецца пазбаўленьнем волі ад 3 да 7 гадоў).
Ці было самавольнае пакіданьне часткі
Як паведаміла Свабодзе крыніца, знаёмая зь некаторымі матэрыяламі справы, беларус не прызнае, што без паважных прычын не вярнуўся на службу.
Ён адзначыў, што яшчэ ў жніўні 2025 году паведаміў камандзіру аб намеры звольніцца, але той яму адмовіў. У выніку Аляксандар Красоўскі ў кастрычніку 2025 году oзяў штогадовы адпачынак і напісаў рапарт на імя камандзіра сухапутных войскаў аб звальненьні.
З 30 кастрычніка да 7 лістапада ён праходзіў мэдычны агляд, а потым нібыта атрымаў загад аб звальненьні, таму і не вярнуўся ў распараджэньне вайсковай часткі.
У вайсковай частцы пацьвердзілі, што Аляксандар Красоўскі сапраўды на падставе загаду камандзіра вайсковай часткі з 25 кастрычніка 2025 году ўзяў адпачынак да 10 лістапада. Беларус паведаміў, што тады ж здаў усю маёмасьць і пасаду камандзіру. Але праз чатыры дні той адклікаў свой загад «праз абвастрэньне баявой сытуацыі», на падставе чаго беларус мусіў вярнуцца ў вайсковую частку да 30 кастрычніка. Гэтага Аляксандар не зрабіў, і ў вайсковай частцы пачалі службовае расьсьледаваньне.
Калі вырашалася пытаньне аб арышце беларуса, суд абапіраўся на інфармацыю, атрыманую менавіта з вайсковай часткі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі добраахвотнік, які ваяваў на баку Ўкраіны, перанёс цяжкія хваробы, а яго абвінавацілі ва ўцёках з вайныШто знайшлі падчас вобшукаў
Вобшук праводзілі 14 сакавіка. У арандаваным будынку знайшлі 680 тысяч эўра ў купюрах па 50 і 100 эўра, 518 патронаў рознага калібру, два запалы для ручной гранаты і тры гранаты.
Аляксандар Красоўскі заявіў, што грошы прызначаліся для набыцьця цягачоў, аўтамабіляў і іншай тэхнікі для той брыгады, у якую ён плянаваў ісьці служыць пасьля звальненьня з папярэдняй вайсковай часткі, а боепрыпасы належаць не яму, а іншаму вайскоўцу.
Суразмоўца Свабоды пацьвердзіў, што ў гэтым эпізодзе правяраюць яшчэ аднаго ўкраінскага вайскоўца.
Дарэчы, суд спачатку адмовіў сьледзтву ў арышце ўсіх знойдзеных падчас ператрусу рэчаў — як грошай, так і боепрыпасаў, бо ў адпаведным пазове сьледчага не было пазначана месца іх захаваньня. Суд даў 72 гадзіны на выпраўленьне памылак, але пакуль дакладна не ўдалося высьветліць, ці зьвярталіся сьледчыя з новым адпаведным хадайніцтвам.
Цяпер беларускага добраахвотніка трымаюць у харкаўскім сьледчым ізалятары. Там ён будзе сама меней да 12 траўня. Пры патрэбе сьледчыя бліжэй да гэтай даты могуць зьвярнуцца па падоўжаньне тэрміну трыманьня яго пад вартай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Іна Кардаш, якую ў Кіеве падазраюць у шпіянажы на КДБ, паскардзілася на здароўе, але яе арышт падоўжылі