Чаму інтэрвію зь Бяляцкім у Чэскай тэлевізіі было на фоне чырвона-зялёнага сьцяга?

Скрыншот інтэрвію нобэлеўскага ляўрэата Алеся Бяляцкага Чэскаму тэлебачаньню.

Інтэрвію з былым палітвязьнем, ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі міру Алесем Бяляцкім у праграме «Падзеі і камэнтары» Чэскага тэлебачаньня 16 сакавіка 2026 году прайшло на фоне дзяржаўнага, чырвона-зялёнага сьцягу. Гэта выклікала нэгатыўную рэакцыю беларусаў і беларусак, якія жывуць у Чэхіі.

І ня толькі іх, але і чэскіх грамадзянаў.

Прадстаўнік беларускай нацыянальнай меншасьці ў Радзе ўраду Чэхіі ў справах нацыянальных меншасьцяў Сяргей Юрчанка накіраваў кіраўніцтву і радзе Чэскай тэлевізіі афіцыйны ліст з пратэстам супраць выкарыстаньня сымбаляў дыктатуры ў этэры тэлевізіі.

Што адбывалася ў студыі падчас інтэрвію з Алесем Бяляцкім

Візыт Алеся Бяляцкага ў Чэхію арганізоўвалі Офіс дэмакратычных сілаў Беларусі ў Чэскай Рэспуліцы і чэская няўрадавай арганізацыя Prague Civil Society Center.

Сустрэча Алеся Бяляцкага з прэзыдэнтам Чэхіі Пэтрам Паўлам, Прага, 16 сакавіка 2026. Зьлева Крысьціна Шыянок, кіраўніца Офісу дэмакратычных сілаў Беларусі ў Чэхіі.

У рамках візыту Бяляцкі сустрэўся з прэзыдэнтам Чэхіі, з намесьнікам міністра замежных справаў краіны, паўдзельнічаў у дэбатах у Карлавым унівэрсытэце, наведаў фэстываль праваабарончага кіно «Адзін сьвет», правёў прэсавую канфэрэнцыю для чэскіх мэдыя і даў некалькі інтэрвію. Адно зь іх было для вечаровага этэру Чэскай тэлевізіі. Размова зь беларускім нобэлеўскім ляўрэатам адбывалася ў жывым этэры пасьля рэпартажу пра тое, што «Оскар» за найлепшы замежны фільм атрымала расейская стужка «Спадар Ніхто супраць Пуціна».

Крысьціна Шыянок

У той дзень Крысьціна Шыянок выконвала падвойную ролю: як дырэктарка Офісу дэмакратычных сілаў Беларусі ў Чэхіі суправаджала Алеся Бяляцкага на сустрэчах, а беспасярэдне падчас этэру ў Чэскай тэлевізіі забясьпечвала сынхронны пераклад.

«Для нас прынцыпова, каб беларускія дзеячы мелі магчымасьць гаварыць на роднай мове і не станавіліся закладнікамі перакладу з расейскай праз брак адмыслоўцаў. Варта адзначыць, што Чэская тэлевізія пайшло насустрач, замовіўшы менавіта беларускі пераклад — як і ў выпадку з этэрам Паліны Шарэнды-Панасюк у лістападзе 2025 году», расказвае Крысьціна Шыянок.

Крысьціна Шыянок кажа, што яны загадзя атрымалі сьпіс тэмаў размовы зь Бяляцкім, якія пачыналіся з фільму «Спадар Ніхто супраць Пуціна».

«Я адразу папярэдзіла рэдакцыю: спадар Алесь ня бачыў гэтага фільму, але з радасьцю пракамэнтуе беларускую дакумэнталку Настасьсі Мірашнічэнкі „Разам назаўсёды“, якую ён толькі што паглядзеў на фэстывалі „Адзін сьвет“. На жаль, гэтую просьбу праігнаравалі. Інтэрвію зь беларускім нобэлеўскім ляўрэатам, які толькі выйшаў з-за кратаў, пачалося з пытаньняў пра расейскія рэаліі і пляны Пуціна. Безумоўна, вайна ва Ўкраіне — ключавая тэма, але ў выпадку Алеся Бяляцкага можна было спытаць перадусім пра Беларусь», — мяркуе кіраўніца Офісу дэмакратычных сілаў Беларусі ў Чэхіі.

Крысьціна як перакладніца знаходзілася ў асобным памяшканьні для сынхроннага перакладу, а ня ў студыі разам з Алесем Бяляцкім, таму не магла паўплываць на тое, што фонам пусьцілі чырвона-зялёны сьцяг, не парушыўшы перакладніцкую этыку.

Сам Алесь Бяляцкі ня бачыў фону, бо інтэрвію адбывалася на так званай «зялёнцы». Гэта быў не рэальны фон, а графіка, згенэраваная празь віртуальную студыю.

Пазьней Бяляцкі патлумачыў, што ён ніяк не рэагаваў на сьцяг, бо проста яго ня бачыў, як, магчыма, і вядоўца.

Алесь Бяляцкі ў Карлавым унівэрсытэце

На наступны дзень Томаш Госкавец, старшыня Праскага лінгвістычнага гуртку, падчас дыскусіі ў Карлавым унівэрсытэце прынёс Алесю Бяляцкаму прабачэньні ад імя чэскага грамадзтва.

Заяву пра сьцяг у залі Карлавага ўнівэрсытэту сустрэлі воплескамі.

  • Пасьля мірных пратэстаў 2020 году ў чэскіх гарадах паўсюль вывешвалі беларускія нацыянальныя сьцягі на знак салідарнасьці зь мірным пратэстам у Беларусі. Таксама па дамоўленасьці з Офісам дэмакратычных сілаў Беларусі ў Чэскай Рэспубліцы адміністрацыя гарадзкога раёну Прага-3, на тэрыторыі якога знаходзяцца магілы прэзыдэнтаў і консула БНР, пагадзілася вывесіць бел-чырвона-белы сьцяг да Дня Волі. Цырымонія адбудзецца ранкам а 8:45 25 сакавіка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гандаль як пры перамовах з тэрарыстамі», — Бяляцкі пра візыт Коўла, вызваленьні палітвязьняў, Статкевіча і Гаагу для Лукашэнкі

Рэакцыя беларускай дыяспары ў Чэхіі

Інтэрвію зь Бяляцкім на фоне дзяржаўнага сьцяга выклікала нэгатыўную рэакцыю беларусаў і беларусак, якія жывуць у Чэхіі.

«Выкарыстаньне гэтага сымбалю ў кантэксьце барацьбы за правы чалавека ёсьць гістарычна некарэктным і абразьлівым для беларускай дыяспары», — напісаў 20 сакавіка прадстаўнік беларускай нацыянальнай меншасьці ў Радзе ўраду Чэхіі ў справах нацыянальных меншасьцяў Сяргей Юрчанка ў афіцыйным лісьце кіраўніцтву і радзе Чэскай тэлевізіі.

Юрчанка падкрэсьлівае, што неабходна ўлічваць як гістарычныя факты, гэтак і сучасны кантэкст:

«Бел-чырвона-белы сьцяг быў афіцыйным дзяржаўным сьцягам незалежнай Рэспублікі Беларусь у 1991–1995 гадох. Ён быў гвалтоўна заменены на мадыфікаваны савецкі чырвона-зялёны ў 1995 годзе праз так званы рэфэрэндум, які быў прызначаны і праведзены з парушэньнямі Канстытуцыі і законаў. Міжнародныя назіральнікі адзначалі парушэньні ў часе рэфэрэндуму, а дэмакратычная супольнасьць Беларусі вось ужо больш як трыццаць гадоў не прызнае яго ў якасьці легітымнага. На ўсіх масавых акцыях беларуская апазыцыя выкарыстоўвае бел-чырвона-белы сьцяг. У 2020 годзе бел-чырвона-белы сьцяг ізноў быў сымбалем народнага пратэсту супраць дыктатуры як у самой Беларусі, гэтак і ў дыяспарах, у тым ліку і ў беларусаў, якія стала жывуць у Чэскай Рэспубліцы», — гаворыцца ў лісьце.

Сяргей Юрчанка згадвае і чэскую традыцыю:

«Бел-чырвона-белы сьцяг — гэта гістарычны сьцяг Беларускай Народнай Рэспублікі (1918), чый урад (Рада БНР) знайшоў прытулак у міжваеннай Чэхаславаччыне на асабістае запрашэньне прэзыдэнта Т. Г. Масарыка. Прага гістарычна зьяўляецца цэнтрам беларускага дэмакратычнага экзылю».

Прадстаўнік беларускай нацыянальнай меншасьці ў Радзе ўраду Чэхіі ў справах нацыянальных меншасьцяў падкрэсьлівае, што чырвона-зялёны сьцяг ёсьць сымбалем рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, які зьняволіў Алеся Бяляцкага і тысячы іншых грамадзянаў.

«Менавіта чырвона-зялёны сьцяг быў умацаваны на аўтамабілях паліцыі і спэцслужбаў, у якіх катавалі ўдзельнікаў пратэстаў 2020 году. Менавіта пад гэтым сьцягам сёньня адбываюцца няспынныя рэпрэсіі. Яго дэманстрацыя побач з абліччам нобэлеўскага ляўрэата ўспрымаецца як легітымізацыя дыктатуры. Мы спадзяемся, што зьяўленьне гэтага сымбалю ў этэры стала вынікам чалавечага чыньніку, тэхнічнай памылкі альбо недахопу гістарычнай кампэтэнцыі рэдакцыі, а не сьвядомым палітычным жэстам. Аднак нават такая памылка ў графіцы вядзе да ігнараваньня гістарычнай праўды і сувязі паміж чэскай дэмакратычнай традыцыяй і беларускім вызваленчым рухам», — падкрэсьліў Сяргей Юрчанка.

Прадстаўнік беларускай меншасьці патрабуе афіцыйных выбачэньняў ад Чэскай тэлевізіі, мэтадычнай карэкцыі працы візуальных рэдакцыяў, каб унікнуць выкарыстаньня сымбаляў аўтарытарных рэжымаў у кантэксьце дэмакратычнай апазыцыі, а таксама разгляду справы на паседжаньні Рады ўраду ЧР у справах нацыянальных меншасьцяў.

Беларуская рэдакцыя Радыё Свабода зьвярнулася з нагоды звароту Сяргея Юрчанкі і ўласна сытуацыі са сьцягам да прадстаўнікоў рэдакцыі праграмы ЧТ «Падзеі і камэнтары». Нам паведамілі, што пытаньні перададзеныя кіраўніцтву.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Чэхіі Пэтр Павэл сустрэўся з Алесем Бяляцкім