Пра сустрэчу паведаміў Офіс дэмакратычных сілаў Беларусі ў Чэхіі.
У паведамленьні гаворыцца, што беларускі ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру падкрэсьліў важнасьць санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі, а таксама неабходнасьць далейшай падтрымкі дэмакратычных сілаў, грамадзянскай супольнасьці і палітычных зьняволеных, напрыклад, праз праграму Medevac.
Паводле Офісу дэмакратычных сілаў Беларусі ў Чэхіі, Алесь Бяляцкі таксама нагадаў важны пасыл аб тым, што Беларусь — гэта не Расея і што большасьць беларусаў не падтрымлівае вайну Расеі супраць Украіны.
«Мільёны людзей, якія пратэставалі ў 2020 годзе, усё яшчэ вераць у дэмакратычную і эўрапейскую будучыню сваёй краіны» — заявіў былы палітвязень.
Прэзыдэнт Чэхіі Пэтр Павэл заявіў пасьля сустрэчы:
«Для нас было гонарам вітаць у Праскім Градзе праваабаронцу і ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага, які несправядліва правёў больш за сем гадоў у беларускім зьняволеньні.
Мы пагадзіліся, што санкцыі супраць рэжыму Беларусі ня страцяць свайго сэнсу, пакуль ён не перастане саджаць у турму сваіх крытыкаў і жорстка душыць грамадзянскую дыскусію.
Беларусы заслугоўваюць права свабодна і бяз вонкавага ўмяшаньня вызначаць сваю будучыню. У гэтым кантэксьце Алесь Бяляцкі нагадаў, што эўрапейскія дзяржавы не павінны закрывацца ад грамадзян Беларусі — толькі так беларусы могуць пераадолець вымушаную ізаляцыю».
Форум